Міністэрства абароны Беларусі ўдакладніла Канцэпцыю міжнароднай вайсковай супрацы на 2019–2023 гады, расказаў на брыфінгу 21 лютага начальнік міжнароднага дэпартамэнту Мінабароны Алег Воінаў.
Поўны сьпіс зьменаў не публікуецца, але на сайце Мінабароны апісваюцца некаторыя зьмены.
Перадусім згадваецца: «пацьверджаны стратэгічны курс на партнэрства з Расеяй». Захоўваецца таксама «нацэленасьць на высокі ўзровень стасункаў» з краінамі АДКБ, СНД і Кітаем, як «пэрспэктыўны напрамак» вызначаныя краіны ШАС і асобна Сэрбія.
У асобны пункт «вынесеныя пытаньні фармаваньня поясу добрасуседзтва» (якія краіны мусяць і ня мусяць уваходзіць у гэты пояс, не ўдакладняецца).
Украіна асобна ня згадваецца, хоць яна не ўваходзіць ні ў NATO, ні ў Эўразьвяз (хоць украінскія ўлады дэкляруюць прыярытэтным напрамак на далучэньне да NATO і ЭЗ), ні ў АДКБ, ні ў СНД, ні ў ШАС.
Згаданая таксама «неабходнасьць паэтапнага паляпшэньня стасункаў» з краінамі Эўразьвязу, NATO і «іншымі дзяржавамі, якія паважліва ставяцца да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці беларускай дзяржавы, разьвіваюць давяральны і раўнапраўны дыялёг» (якія краіны так ня робяць, не ўдакладняецца).
Пры тым у ранейшай Канцэпцыі забесьпячэньня прыгранічнай бясьпекі Беларусі на 2018–2022 гады сярод пагрозаў згадваліся «мілітарызацыя прыгранічных тэрыторыяў сумежных дзяржаў» і «выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для транзыту асобаў, зьвязаных з тэрарызмам, экстрэмізмам, незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі, міжнароднымі злачыннымі групамі». З боку якіх дзяржаваў сыходзяць гэтыя пагрозы, у канцэпцыі ня згадвалася.
65 000 чалавек у войску
У беларускім войску прыярытэты нададзеныя «сыстэмам кіраваньня, выведкі, інфармацыйнай бясьпекі, маскіроўкі, радыёэлектроннай барацьбы, супрацьпаветранай абароны, ракетным войскам і артылерыі, сілам спэцыяльных апэрацыяў».
Колькасьць людзей ва Ўзброеных сілах Беларусі не зьмянілася за апошнія тры гады: у войску каля 65 тысячаў чалавек. Але сьцьвярджаецца, што ў час аптымізацыі павялічваецца колькасьць баявога кампанэнту, а з 1 студзеня больш як удвая падвышанае грашовае забесьпячэньне вайскоўцаў тэрміновай службы.