Былы прэм'ер Даніі (2001-2009) і кіраўнік NATO Андэрс Фог Расмусэн (2009-2014) даў інтэрвію ўкраінскаму выданьню Liga.net падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. Сярод іншага ён адказаў і на пытаньні пра пэрспэктывы Беларусі.
— Вы бачыце, што Расея працягвае агрэсіўную палітыку ў адносінах да суседзяў. Цяпер чарга Беларусі. Падобна на тое, што Расея ўшчыльную набліжаецца да заходніх межаў.
— Так, я ў гэтым упэўнены. Ключавая рызыка — гэта паўтор у Беларусі ўкраінскага сцэнару з вайной і анэксіяй. Гэтую краіну чакае такі сцэнар, калі яна не пачне рэфармавацца. Мая парада беларускаму народу і кіраўніцтву краіны ў тым, каб засьцерагчыся ад агрэсіі расейцаў — трэба пачаць рэформы, якія вядуць да дэмакратыі і свабоды. Толькі гэтыя рэчы створаць абарону ад расейскай агрэсіі.
Мы чулі заявы Ўладзіміра Пуціна, дзе ён сказаў, што Беларусь павінна быць уключана ў вялікую расейскую дзяржаву, як Крымскі паўвостраў. І я б хацеў, каб Беларусь атрымлівала больш дапамогі ад Захаду. Але нам трэба бачыць пераарыентацыю Беларусі да свабоды і дэмакратыі.
— Наўрад ці прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка зьбіраецца рэфармаваць краіну і рухацца на Захад.
— Так, ён ня хоча. Але таксама Лукашэнка не жадае жыць пад прыгнётам Пуціна. Яму трэба выбраць: ці рэформы, або сталы гнёт расейцаў.