Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь выглядае някепска для замежных студэнтаў, — рэйтынг U. S. News & World Report


Амэрыканскае выданьне U. S. News & World Report апублікавала рэйтынг 80 «найлепшых краінаў» на 2019 год. Для рэйтынгу апыталі больш за 20 тысяч чалавек, якія давалі свае ацэнкі краінам у сьпісе. Аўтары рэйтынгу адзначаюць, што ён грунтаваўся на ўражаньнях рэспандэнтаў (perception-based).

Беларусь у гэтым сьпісе на 73 месцы — паміж Тунісам на 72-м і Нігерыяй на 74-м. Першыя тры месцы ў рэйтынгу займаюць Швайцарыя, Японія і Канада.

Суседзі Беларусі ў рэйтынгу ідуць наступным чынам: на 24-м месцы — Расея, на 33-м — Польшча, на 55-м — Латвія, на 57-м — Літва, на 65-м — Украіна.

У вузейшых рэйтынгах Беларусь атрымала найвышэйшае месца, 36-е, як краіна, прывабная для замежных студэнтаў. Першыя тры месцы ў гэтым рэйтынгу займаюць Малайзія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Індыя.

На шостым месцы ў рэйтынгу прывабнасьці для замежных студэнтаў Украіна, Літва на 18-м, Расея на 25-м, Латвія на 52-м, а Польшча на 53-м.

Як тлумачаць стваральнікі рэйтынгу, краіны, якія ў яго трапілі, павінны былі адпавядаць наступным крытэрам:

  • Быць сярод 100 першых па валавым унутраным прадукце паводле ацэнкі Сусьветнага банку за 2016 год
  • Быць сярод 100 першых па прытоку наўпроставых замежных інвэстыцый паводле ацэнкі Сусьветнага банку за 2016 год
  • Быць сярод 100 першых па прыбытках ад міжнароднага турызму паводле ацэнкі Сусьветнага банку за 2016 год
  • Быць сярод 150 першых паводле індэксу чалавечага разьвіцьця ААН за 2016 год

Потым гэтыя краіны па дзясятках эканамічных, палітычных ды іншых парамэтраў ацэньвалі рэспандэнты з краінаў Амэрыкі, Азіі, Эўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі — агулам 20,301 чалавек. Удзельнікам апытаньня давалі выбраныя выпадковым чынам групы краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG