На сустрэчы 18 лютага з эўрапейскім камісарам у бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праблемы ў стасунках Беларусі і Эўразьвязу «заўсёды былі і будуць», але «ня носяць хранічнага характару і маюць быць вырашанымі», піша БелТА.
«Мы лічым, што суседзі ад Госпада, іх не выбіраюць, таму зь імі трэба наладжваць добрыя адносіны, — цытуе БелТА Лукашэнку. — Зыходзячы з гэтага, мы заўсёды будзем надзейным партнэрам Эўрапейскага зьвязу, і за беларускі кірунак, амаль паўтары тысячы кілямэтраў, вы можаце не турбавацца. Вядома ж, мы хочам, каб падобныя пачуцьці былі ўзаемнымі».
Лукашэнка адзначыў, што за апошні час «значна павялічылася» фінансаваньне Эўразьвязам праграмаў і праектаў у Беларусі, але гэтыя праграмы і праекты «носяць узаемавыгадны характар».
Этынгер у сваю чаргу заявіў, што ў Эўразьвязу ёсьць магчымасьць нарошчваньня аб’ёму фінансаваньня праектаў па лініі «Ўсходняга партнэрства», якія тычацца і Беларусі, і што «мы бачым неабходнасьць у нарошчваньні аб’ёму фінансаваньня гэтых праектаў». Адным з важных напрамкаў, дадаў ён, будзе пашырэньне і разьвіцьцё транспартнай інфраструктуры.
Сустрэча з Этынгерам прайшла неўзабаве пасьля чатырохдзённага візыту Лукашэнкі ў Сочы, у час якога прынамсі два дні ішлі перамовы з Уладзімірам Пуціным. Па завяршэньні Лукашэнка сьцьвярджаў, што на перамовах не абмяркоўваліся ні расейскі падатковы манэўр, ні сувэрэнітэт Беларусі, але заявіў, што з Расеяй «мы хоць заўтра гатовыя аб’яднацца».
У той жа час старшыня беларускага Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы.