Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго больш за ўсё баяцца суседзі Беларусі


Выпрабаваньне расейскай балістычнай ракеты «Сармат»
Выпрабаваньне расейскай балістычнай ракеты «Сармат»

Страхі і спадзевы жыхароў сямі эўрапейскіх краін вывучалі аўтары дасьледаваньня Security Radar (Радар бясьпекі), выпушчанага нямецкім фондам імя Фрыдрыха Эбэрта.

Пра вынікі апытаньняў распавяла «Нямецкая хваля»

Аўтары дасьледаваньня правялі шэраг рэпрэзэнтатыўных апытаньняў, а таксама сабралі меркаваньні экспэртаў па пытаньнях бясьпекі. Для дасьледаваньня былі адабраны Нямеччына, Францыя, Латвія, Польшча, Сэрбія, Расея і Ўкраіна. Аўтары патлумачылі свой выбар асаблівай важнасьцю гэтых краін для бясьпекі ў Эўропе. У сьпіс ня трапіла Беларусь, але трапілі 4 з 5 суседзяў Беларусі.

Галоўны страх: вайна

Рэспандэнты ва ўсіх сямі краінах выказалі занепакоенасьць станам сусьветнай палітыкі. Яны баяцца войнаў і ўзброеных канфліктаў: такія страхі характэрныя для большасьці апытаных (сярэдні паказчык па ўсіх сямі краінам — 78%). Ва Ўсходняй Эўропе людзі апісваюць магчымы канфлікт як узброенае сутыкненьне паміж РФ і Захадам (59%), у Францыі і Нямеччыне такая пагроза здаецца малаверагоднай — 75% французаў і 60% немцаў у такі сцэнар ня вераць.

На другім месцы ідзе страх перад міжнародным тэрарызмам (75%) і зьменамі клімату (70%). Калі ў Нямеччыне, Францыі і Сэрбіі пытаньні экалёгіі хвалююць нават больш чым небясьпека вайны (ад 78 да 83% рэспандэнтаў), то ў Расеі і Латвіі клопат аб клімаце актуальны толькі для паловы насельніцтва.

Хто пагражае міру?

Адказваючы на пытаньне, якая краіна ўяўляе найбольшую небясьпеку для міру на эўрапейскім кантынэнце, апытаныя назвалі дзьве: ЗША і Расею (50 і 43%). У Расеі больш бачаць небясьпеку ва Ўкраіне, Польшчы і Латвіі, ЗША лічаць галоўнай крыніцай небясьпекі для міру ў Эўропе ў Расеі, Сэрбіі і Нямеччыне. У Нямеччыне 39% адчуваюць страх перад ЗША супраць 15% рэспандэнтаў, якія асьцерагаюцца РФ.

Аўтары дасьледаваньня называюць такія суадносіны адлюстраваньнем «лятэнтнага антыамэрыканізму» у нямецкім грамадзтве, які, па іх словах, супярэчыць ролі ЗША як гаранта бясьпекі Нямеччыны на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў.

Але сапраўдным выклікам для бясьпекі ў Эўропе аўтары Security Radar 2019 называюць нездаволенасьць шэрагу краін Усходняй Эўропы ўласным міжнародным статусам. Рэспандэнты з Украіны, Сэрбіі і Расеі заявілі, што іншыя дзяржавы перашкаджаюць іх краінам дамагчыся сапраўднай велічы і заняць годнае месца ў міжнароднай супольнасьці. У Расеі, напрыклад, з гэтым тэзісам згодныя 69% апытаных.

Жыхары Польшчы і Расеі, паводле апытаньняў, падтрымліваюць рост ваенных выдаткаў і вайсковага ўмяшаньне іх краін у канфлікты ў выпадку неабходнасьці (60% і 48% адпаведна). Зрэшты, столькі ж рэспандэнтаў у Расеі, 48%, выказаліся супраць вайсковага ўмяшаньня.

Усе хочуць міру ва Ўкраіне, але па-рознаму яго бачаць

Шэраг пытаньняў у дасьледаваньні тычылася крызісу вакол Украіны. Мала дзіўнага ў тым, што апытаныя расейцы і ўкраінцы абвінавачвалі адзін аднаго ў канфлікце. Астатнія эўрапейцы занялі дваістую пазыцыю. З аднаго боку, у большасьці яны лічаць менавіта Расею ў большай ступені адказнай за эскаляцыю ўкраінскага крызісу. Большасьць рэспандэнтаў, за выключэньнем жыхароў РФ і Сэрбіі, лічаць далучэньне да РФ украінскага паўвострава анэксіяй, іншымі словамі, незаконнай акцыяй (ад 62% і вышэй).

У той жа час рэспандэнты з краін ЭЗ выступаюць супраць пашырэньня санкцый супраць Крамля. 56% усіх апытаных упэўненыя, што іх краіны павінны ўзмацніць супрацоўніцтва з РФ. Дарэчы, у Расеі празь пяць гадоў пасьля пачатку канфлікту колькасьць прыхільнікаў анэксіі застаецца высокай (да 90%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG