Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўропа баязьліва патурае Пуціну» — Уільям Браўдэр пра арышт у Маскве амэрыканскага інвэстара


Уільям Браўдэр
Уільям Браўдэр

У Эўрапарлямэнце ідзе праца над агульнаэўрапейскім «Законам Магніцкага», які ўрад і парлямэнт Нідэрляндаў прапанавалі прыняць летась.

10 сьнежня 2018 году, у дзень 70-годзьдзя Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, міністры замежных спраў дзяржаў ЭЗ аднагалосна ўхвалілі гэтую ініцыятыву для Эўразьвязу.

Тым ня менш ў Эўрапарлямэнце праект гэтага закону нечакана трансфармаваўся. Зь яго хочуць выключыць імя Сяргея Магніцкага, а сам закон, у адрозьненьне ад яго амэрыканскага аналягу, скіраваць на парушальнікаў правоў чалавека ў Азіі і Афрыцы.

Ініцыятарам міжнароднага руху за «Закон Магніцкага», які дазваляе накладваць санкцыі на датычных да парушэньня правоў чалавека расейскіх чыноўнікаў, зьяўляецца фінансіст і інвэстар Уільям Браўдэр. Ён пагутарыў з карэспандэнтам Радыё Свабода / Свабодная Эўропа ў Брусэлі аб праекце закона і пра апошнія падзеі ў Расеі, у прыватнасьці, аб арышце ў Маскве амэрыканскага інвэстара Майкла Калві.

«Гэта павінна быць апошняй кропляй, якая даказвае, што Расея — цалкам карумпаваная краіна, у якую нельга інвэставаць», — напісаў Уільям Браўдэр ў Твітэры.

— У Расеі арыштавалі найбуйнейшага заходняга інвэстара Майкла Калві. Якая была ваша рэакцыя, калі вы пра гэта даведаліся?

— Думаю, гэта даказвае, што Расея абсалютна небясьпечная краіна, у якую нельга інвэставаць. Майк Калві быў апошнім буйным амэрыканскім інвэстарам, які працаваў у Расеі, ён быў у гэтай краіне некалькі дзесяцігодзьдзяў. Ён гуляў паводле іх пісаных і няпісаных правілаў, і той факт, што яны пачалі перасьледаваць яго, іх уласнага сябра, паказвае, што ніхто ў Расеі не абаронены.

— Ці ёсьць падабенства ў гэтай сытуацыі з вашым уласным вопытам у Расеі?

— Падабенства складаецца толькі ў тым, што я быў найбуйнейшым інвэстарам у 2005 годзе, калі мяне выслалі з краіны, а ён быў найбуйнейшым інвэстарам у 2019 годзе, калі яго арыштавалі. А асноўнае адрозьненьне палягае ў тым, што я крытыкаваў рэжым, а ён яго ўсяляк хваліў. І калі яны так абыходзяцца са сваімі сябрамі, то крый Божа!

— Як вы думаеце, што зь ім цяпер будзе?

— Я думаю, што гэта не асобны выпадак. Падазраю, што рашэньне прымалася не на ніжэйшым узроўні. Ня думаю, што людзі, якія стаяць за гэтым і якім дазволілі яго арыштаваць, пайшлі б на гэта, калі б Пуцін ня даў на гэта «зялёнае сьвятло». А калі ў гэтым удзельнічаў Пуцін, то гэта не абяцае яму [Калві] нічога добрага, таму што гэта азначае рэйдэрскі захоп. Мэта яго — выкрасьці актывы, і яны будуць трымаць яго ў закладніках да таго часу, пакуль гэтыя актывы не атрымаюць.

— Як, з вашага пункту гледжаньня, павінны ўспрымаць гэта заходнія ўрады?

— Я думаю, што яны павінны гэта інтэрпрэтаваць як тое, што Расея — несяброўскі рэжым, які бярэ іншаземцаў у закладнікі, і трэба выпусьціць папярэджаньне для тых, хто хоча рабіць там бізнэс або жадае падарожнічаць у Расею.

— Вы прыехалі ў Эўрапейскі парлямэнт для таго, каб выступаць як сьсведка на пасяджэньні падкамітэту па правах чалавека, які абмяркоўваў ўвядзеньне дзяржавамі ЭЗ эўрапейскага «Акту Магніцкага». З гэтым ужо ўзьнікаюць праблемы. Вы можаце распавесьці, у чым яны складаюцца?

— Асноўная праблема — гэта імкненьне ЭЗ супакоіць Расею. Ініцыятыва аб прыняцьці эўрапейскага «Акту Магніцкага» зыходзіла ад ураду Нідэрляндаў. Яны пайшлі на гэта пад вокрыкі і высьпяткі, і толькі таму, што іх прымусіў гэта зрабіць парлямэнт. Калі яны прадставілі «Акт Магніцкага» на разгляд ЭЗ, яны прыбралі з назвы імя Магніцкага, каб супакоіць Расею. Шакавальны ўчынак. Прыбраць імя чалавека, якога забілі, імя, якое спарадзіла ўвесь рух Магніцкага, паспрабаваць сьцерці яго, каб улагодзіць Уладзіміра Пуціна.

— У канчатковым выніку, калі рада прыме гэты закон, закон аб пакараньні тых, хто парушае правы чалавека, але ён ня будзе насіць імя Сяргея Магніцкага, вы будзеце яго падтрымліваць?

— Я думаю, што любыя наступствы для дрэнных людзей лепш, чым пакідаць іх учынкі без наступстваў. Але тое, што яны спрабуюць дыстанцыявацца ад імя Сяргея Магніцкага — гэта тое самае, каб нехта паспрабаваў сьцерці імя Нэльсана Мандэлы з гісторыі. Гэта шакуе! Баязьлівая патураньне Расеі.

З Уільямам Браўдэрам гутарыў карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

***

Юрыст Сяргей Магніцкі, які супрацоўнічаў з інвэстыцыйным фондам Уільяма Браўдера і які ўскрыў афёры зь вяртаньнем падаткаў праз падатковыя органы, быў арыштаваны тымі ж людзьмі, на якіх ён падаваў пазоў і якіх абвінаваціў у махлярстве. Ён правёў у СІЗА амаль год і памёр 16 лістапада 2009 году, бо яму не аказалі мэдычнай дапамогі. У ЗША «Закон Магніцкага» быў прыняты пры прэзыдэнце Бараку Абаму, аднак і цяперашні прэзыдэнт Дональд Трамп ужо двойчы выкарыстаў яго для санкцый супраць асобаў з атачэньня лідэра Крамля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG