Пяць гадоў таму Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Вярхоўная Рада Ўкраіны пастанавіла ў 2015 годзе, што афіцыйная дата пачатку анэксіі — 20 лютага.
У гэты дзень у 2014 годзе на паўвостраве зьявіліся грузавікі бяз нумароў і так званыя «зялёныя чалавечкі» — узброеныя вайскоўцы без апазнавальных знакаў.
На тэрыторыі Крыму і Севастопаля 16 сакавіка 2014 году прайшоў так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, па выніках якога Расея ўключыла Крым у свой склад. Ні Ўкраіна, ні краіны Захаду не прызналі вынікі галасаваньня. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 18 сакавіка абвясьціў аб «далучэньні» Крыму да Расеі.
Пасьля захопу ўкраінскага Крыму ў Расеі пачалі ўзнагароджваць вайскоўцаў, палітыкаў і прадстаўнікоў «крымскай самаабароны» мэдалём «За вяртаньне Крыма», дзе паказана, што апэрацыя праводзілася з 20 лютага да 18 сакавіка 2014 года.
Расея спачатку адмаўлялася прызнаваць факт уласнай ваеннай агрэсіі. Толькі 17 красавіка 2014 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню публічна прызнаў, што ў падзеях у Крыме ўдзельнічалі расейскія вайскоўцы.
Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыма незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расеяй 20 лютага 2014 году.