Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканая зьмена ўлады ў Менску можа ўцягнуць у канфлікт Расею і Захад, — кіраўнік Stratfor


Джордж Фрыдман
Джордж Фрыдман

Джордж Фрыдман, заснавальнік і кіраўнік амэрыканскай выведвальна-аналітычнай карпарацыі Stratfor, у інтэрвію румынскай службе Радыё Свабода адказаў на пытаньне, якую краіну ён бачыць у найбольшай небясьпецы з боку Расеі.

«З вайсковага — не з палітычнага — гледзішча, у найбольшай небясьпецы знаходзяцца Балтыйскія краіны. Бо ў іх вельмі малая стратэгічная глыбіня, і Расея можа ўвайсьці [на іх тэрыторыю] вельмі хутка. Але з палітычнага гледзішча для Расеі вельмі цяжка гэта зрабіць, бо гэта патэнцыйна адзіная рэч, якая аб’ядноўвае NATO, — напад на краіну, якая ўваходзіць у альянс. Акрамя таго, Расея вельмі мала атрымала б ад такога захопу.

Таму, відавочна, што краіна, за якой я назіраю цяпер як за найбольшай небясьпекай — гэта Беларусь. Беларусь — краіна, якая часам нэўтральная, часам сёе, часам тое, і Лукашэнка вельмі разумна гэтым карыстаецца. Але калі б Лукашэнка зрабіўся часткай заходняга альянсу, дык Смаленск зрабіўся б памежным горадам, а калі б Расея падышла да мяжы, яна мела б адкрыты рубеж з Польшчай.

Таму цяпер для мяне самая крохкая краіна гэта Беларусь. Мы ведаем, што Ўкраіна мае свае праблемы, але там вялікая буфэрная зона паміж расейцамі і амэрыканцамі. Мы ведаем, што расейцы ня будуць лезьці ў Балтыйскія краіны.

Нечаканая зьмена ўлады ў Менску можа выклікаць непрымальную сытуацыю. Захад ня зможа зьмірыцца з прысутнасьцю Расеі на заходняй мяжы Беларусі. Расея ня зможа зьмірыцца з прысутнасьцю ЗША каля Смаленску. Таму калі глядзець на кропкі небясьпекі, дык гэта неабавязкова там, дзе Расея хоча нападаць. Гэта там, дзе дэстабілізацыя ўцягне абодва бакі».

Джордж Фрыдман (George Friedman) — амэрыканскі палітоляг, заснавальнік і дырэктар прыватнай выведвальна-аналітычнай арганізацыі Stratfor. Аўтар некалькіх кніг, сярод якіх «Сакрэтная вайна Амэрыкі».

Джордж Фрыдман атрымаў ступень па паліталёгіі ў Нью-Ёрскім гарадзкім каледжы і па дзяржаўным кіраваньні ў Карнэльскім унівэрсытэце. У 1974 пачаў выкладаць паліталёгію ў прыватным каледжы ў Пэнсыльваніі.

Пачатак сваёй кар’еры геапалітыка Фрыдман прысьвяціў праблеме савецка-амэрыканскіх адносінаў. У 1980-х Фрыдман напісаў некалькі навуковых прац на тэму сусьветнага ваеннага балянсу і ядзернага парытэту. У 1994 Джордж Фрыдман заснаваў Цэнтар геапалітычных дасьледаваньняў пры ўнівэрсытэце штату Луізіяна, які займаецца стратэгічным прагназаваньнем. У 1996 Фрыдман стварыў Stratfor.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG