Verba volant, scripta manent (словы адлятаюць, напісанае застаецца). Гэтая рымская сэнтэнцыя прыйшла мне на згадку першай, калі я задумаў напісаць нешта накшталт пераліку найважнейшых перакладаў Васіля Сёмухі. Бо напісанае ім (то бок перакладзенае) несумненна застанецца. Магчыма, ня ўсё з таго, што ён перакладаў, стрывала выпрабаваньне часам і ў арыгінале, але, на маю думку, паўтара дзясятка ягоных перакладаў будуць і чытацца, і перавыдавацца ў будучыні.
Я тут паспрабую вызначыць свой прыватны «перакладчыцкі канон» Васіля Сёмухі, зь якім аматарам літаратуры, як лічу, варта пазнаёміцца ня толькі дзеля таго, каб пашырыць сваю літаратурную эрудыцыю, але і дзеля чыстай асалоды музыкай і красою беларускай мовы. Ня ўсе з гэтых перакладаў выйшлі ў папяровых выданьнях, але ўсе яны даступныя ў электроннай вэрсіі на сайтах Камунікат і Litaratura.org.
Ёган Вольфганг Гётэ, «Рымскія элегіі»
У 1786—1788 гг. Гётэ пражываў у Рыме. Было гэта жыцьцё без абавязкаў і бяз клопату аб утрыманьні (Гётэ ў Італіі атрымліваў зарплату як міністар Ваймарскага герцагства). У Рыме Гётэ выпіваў, кахаўся з жанчынамі, маляваў, разьбіў, крыху папісваў. Вярнуўшыся ў Ваймар, у 1788 годзе 39-гадовы Гётэ завёў раман з 23-гадовай Крыстыянай Вульпіюс (зь якой ажаніўся праз 18 гадоў), і якраз у пачатку гэтага знаёмства ён напісаў эратычны цыкл «Рымскія элегіі» пра свае любоўныя прыгоды і перажываньні ў Вечным горадзе. Працытуем Элегію V у перастварэньні Васіля Сёмухі:
Шчасьцем мяне адарае глеба клясычнай краіны,
Наш і антычны сьвет гучна бадзёраць мяне,
Слухаю рады сяброўскія: скрыпты старыя гартаю,
Творы мінулых эпох, чэрпаю радасьць я зь іх.
Толькі ж Амур начамі кліча да іншых заняткаў, —
Днём я навукай жыву, ноччу — у шчасьці, ў любові.
Зрэшты, ці ж я не вучуся, гледзячы на дарагія
Формы грудзей ці рукой гладзячы сьцёгны і стан?
Мармур ужо зразумеў я; сэнс параўнаньнем раскрыты:
Бачу я чуйна вачмі, чую відушча рукой.
Хоць дзеля любай марную я дзённых гадзін нямала,
Ноччу затое яна сплачвае доўг мне спаўна.
Ноччу ня толькі каханьне, ноччу і гутарым часам,
Калі ж забудзецца ў сьне, — роздуму час настае.
Часта ў абдымках каханай вершы складаць пачынаю,
Іх на гекзамэтр кладу, пальцамі стукаю рытм
Ціха па сьпінцы любімай. Шчасна ўсьміхнецца ў дрымоце,
Грудзі апаліць мае роўным дыханьнем сваім.
Узносіць Амур паходню, успамінае пра службу
Ўсім трыюмвірам былым у храме прачыстай любві.
Ёган Вольфганг Гётэ, «Фаўст»
Твор, зь перакладам якога імя Васіля Сёмухі зьнітаванае навечна. І хоць у перакладчыка ёсьць, на маю думку, значна лепшыя паэтычныя пераклады, чым гэты, ён у гісторыі беларускай літаратуры будзе асацыявацца перш за ўсё з «Фаўстам».
Патрык Зюскінд, «Парфума»
Раман, які ў свой час (арыгінал выйшаў у 1985) нарабіў шмат шуму у літаратурным сьвеце і стаў неверагодным бэстсэлерам на 50 мовах. Пра сэрыйнага забойцу, які валодаў надзвычайным пачуцьцём нюху і забіваў дзяўчат у пошуку водару, які здольны выклікаць каханьне, вар’яцтва ці поўнае падпарадкаваньне парфумэру таго, хто гэты пах нюхае. Сёмуха ў сваёй найвышэйшай перакладчыцкай форме.
Томас Ман, «Доктар Фаўстус»
Раман у сёньняшні час, хутчэй за ўсё, вядомы толькі самым заўзятым прыхільнікам літаратуры, але мова перакладу Сёмухі ўражвае. Паўтару, што мне давялося напісаць пра яе гадоў шэсьць таму: «Гісторыю Левэркюна ў рамане распавядае ягоны сябра, настаўнік клясычнай гімназіі Сэрэнус Цайтблём. У Беларусі не было і ня будзе ніякіх клясычных гімназіяў, якія мэтадычна далучалі б да эўрапейскага гістарычнага і культурнага кантэксту маладыя пакаленьні беларусаў, а таму дыскурс „Доктара Фаўстуса“ — які рэфлектуе стагодзьдзі сувязяў і ўзаемапранікненьня эўрапейскай культуры і эўрапейскай традыцыі — непрысутны ні ў беларускім прыгожым пісьменстве, ні, так сказаць, непрыгожым. Мы так ніколі ня будзем пісаць, як пісаў Ман у „Доктары Фаўстусе“, бо мы ніколі не чыталі і ніколі ўжо не прачытаем Сэнэкі, Вэргілія і, напрыклад, Юлія Цэзара ў арыгінале. Васіль Сёмуха пастараўся перакласьці „Доктара Фаўстуса“ так, як бы ён у сваёй Пружане хадзіў ня ў рускую сярэднюю школу, а ў клясычную польскую гімназію міжваеннага пэрыяду, і прачытаў некаторых мёртвых рымлянаў у арыгінале».
Юльян Тувім, «Баль у Опэры»
Па-мойму, найлепшы паэтычны пераклад з польскай на беларускую наагул. Кавалачак з заканчэньня:
І раптам — клакочучы, сьціжмай, сьціскам
Рынула заля зь віскам і піскам!
Пена зялёная пырскае з пыскаў,
Топча, ломіцца, іклы ўбівае,
Сьвішча нажамі, грызе, вырывае,
Юхаю золата мыецца, хлебча грошы —
Гэтыя мышы, гэтыя блохі, гэтыя вошы,
Смокча, жарэ, хто кавалкам, хто кусам,
Аж ад сьмеху раве Грандыёзнае Пуза,
Аж кіпіць і клякоча каштоўным мэталам
І адпаўзае далей, аплываючы салам,
І хлешча хвастом распусты і шалу
Найбольшае дзіва сталічнага Балю!
І напявае: «Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?
Расправымененая К… — Маць!
К… — Мець!
К… — Браць!»
— Як баль, дык баль! Маэстра, чваль!
Герман Гесэ, «Стэпавы воўк»
Раман, напісаны ў 1927 годзе, стаў культавым для маладзёвых субкультураў на Захадзе ў 1960-х і 1970-х.
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, «Курдупель Цахес»
Згаданы гнюсны курдупель выглядаў так:
«Тое, што зь першага вока можна было прыняць за дзіўна выкрыўлены кавалак каравага дрэва, было сапраўды выродлівае, пядзі зь дзьве ў рост, дзіця; пакладзенае ўпоперак ношкі, яно цяпер выпаўзла адтуль і, нешта вуркочучы, юрзалася ў траве. Галава ўрасла ў плечкі, на сьпіне нейкая наросьціна, як гарбуз, а адразу ад грудзей расьлі ножкі, тонкія, як дубцы зь ляшчыны, і ўсё яно было нібы расьсечаная рэдзька. Пустое вока не разгледзела б твару, але калі пільней, дык можна было ўбачыць нос, доўгі і шылаваты, ён тырчаў з-пад чорных скаўтуненых валасоў, і маленькія чорныя з іскрынкамі вочкі — ўсё гэта ў дадатак да маршчыністага старэчага твару, здавалася, выкрывала ў ім маленькага альраўна».
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн, «Авантурнік Сымпліцысімус»
А падзагаловак такі: «Гэта ёсьць: Апісаньне жыцьця аднаго дзіўнага шалапута на імя Мэльхіёр Штэрнфэльз фон Фуксгайм, дзе рыхтык і якім кшталтам Ён прыйшоў у сьвет, што ў ім пабачыў, чаго навучыўся, што спазнаў і ператрываў, а таксама чаму ён з усім гэтым дабрахоць паквітаўся».
У перакладзе якраз такі барочны стыль і мова.
Кляўс Ман, «Мэфіста»
Найбольш вядомы раман найстарэйшага сына Томаса Мана. Пра суадносіны мастака з уладай.
Райнэр Марыя Рыльке, «Санэты Арфэю»
Вось, напрыклад, такі:
Ня стаўце помнікаў. Няхай пяшчота
вясною ружы расхіне бутон.
Яна — Арфэй і ёсьць. Яго істота
ва ўсім жыве. Не трэба нам імён
ствараць, калі ўжо ёсьць імя куміра, —
Арфэй у памяці не прападзе,
але і ён памрэ. Затое ліра
даўжэй за ружу гукамі цьвіце.
Памрэ і ён — як цяжка зразумець!
Але яго нятленнай песьні гукі
цялесны тлен перажывуць і сьмерць.
Ён вас туды з сабой не забірае.
Яму ўжо струнаў дрот ня рэжа рукі.
Ён крок зрабіў — і ў вечнасьці іграе.
Вітальд Гамбровіч, «Ferdydurke»
Самы вядомы раман аднаго з найбольш вядомых у сьвеце польскіх пісьменьнікаў. Пра тое, сярод іншага, як сыстэма традыцыйнай культуры і адукацыі upupia (польскі дзеяслоў не даецца добра перакласьці на беларускую — сэнс такі, што з чалавека робяць інфантыльнае стварэньне, «дзіцячую пупу», то бок дзіцячы азадак:)).
Візма Бэлшавіца, «Вершы, паэмы»
Улюбёная латыская паэтка Васіля Сёмухі. Пра яе перакладчык сказаў: «А ў паэзіі мне найбліжэй творчасьць латыскай паэткі, нашай сучасьніцы, Візмы Бэлшавіцы. Пакуль што я пераклаў адзін зборнічак яе вершаў „Белы алень“. Бэлшавіца піша пра тыя праблемы, якія й нас спрадвеку мучылі й працягваюць мучыць, пра лёс інтэлігенцыі ва ўмовах дыктатуры — ці то сталінскай, ці то лукашэнкаўскай. Мы — белыя алені. Інтэлігенты ў наш час, у моры электарату — белыя алені, альбіносы, белыя вароны, якія першымі гінуць ад ваўкоў, ад драпежных кіпцюроў. А яшчэ Візма Бэлшавіца піша пра тое, што такое нацыянальная здрада. Адзін зь яе найлепшых твораў — „Запіскі Генрыка Латыскага на палях Лівонскай хронікі“. Гэта тое, што мы сёньня перажываем».
Густаў Майрынк, «Голэм»
Змрочны і сюжэтна заблытаны раман пра Прагу. Цяжка разабрацца, што ў рамане рэальнасьць, а што — сон. І хто ў ім герой. Але калі вы «ўрубіцеся» ў яго, ён не адпусьціць вас да канца.
Біблія. Кнігі сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету
Ну што тут скажаш. Гэта сьвецкі, а не царкоўны пераклад. Пра які найлепш сказаў сам перакладчык:
«Я зьвяртаўся ва ўсе беларускія канфэсіі з прапановаю супрацоўніцтва, каб мне дапамаглі ў выданьні Бібліі. Кожная з канфэсіяў лічыць сябе адзіна правільнай, і кожная ставіла мне ўмовы, каб тэкст выдаваўся пад іх кантролем. Гэта ішло ўразрэз з маімі пажаданьнямі. Я хацеў, каб беларуская Біблія была патрэбная й даступная для ўсіх, а ня толькі для той ці іншай канфэсіі. Для мяне яны ўсе роўныя».