На амэрыканскую карпарацыю Apple падалі ў суд за памылку аплікацыі FaceTime, якая дазваляе хакерам атрымаць доступ да мікрафону і камэры карыстальнікаў айфонаў.
Як паведамляе агенцтва Bloomberg, адвакат Лары Ўільямс з Г’юстану абвінаваціў вытворцу смартфонаў у халатнасьці. Паводле юрыста, невядомы падслухаў, як ягоны кліент даваў паказаньні пад прысягай. Адвакат запатрабаваў ад Apple кампэнсацыі шкоды. Сума не называецца.
29 студзеня карыстальнікі Apple выявілі, што пры выкарыстаньні аплікацыі для відэасувязі FaceTime суразмоўцу можна пачуць і ўбачыць яшчэ да таго, як ён адкажа на выклік. Пазьней высьветлілася, што трэція асобы могуць праслухоўваць размову ў групавых чатах. У карпарацыі прызналі памылку і запэўнілі, што працуюць над яе выпраўленьнем. Абнаўленьне прашыўкі паабяцалі да канца гэтага тыдня.
У пачатку лютага стала вядома, што Apple мае намер скараціць вытворчасьць новых айфонаў на 10 адсоткаў. У пачатку сёлетняга студзеня Apple выпусьціла прагноз аб зьніжэньні прыбытку — упершыню за 16 гадоў. Згодна з дакладам, выручка ў першым квартале скароціцца ад 89-93 мільярдаў даляраў да 84 мільярдаў. У цэлым за тры месяцы акцыі Apple патаньнелі на траціну. У жніўні летась карпарацыя каштавала трыльён даляраў і лічылася самай дарагой у сьвеце. Цяпер яна знаходзіцца толькі на чацьвёртым месцы паводле капіталізацыі.
Падзеньне кошту Apple зьвязваюць з умацаваньнем даляра, а таксама з гандлёвай вайной ЗША і Кітаю, дзе знаходзіцца вялікая частка заводаў карпарацыі. Акрамя іншага, на фінансавыя праблемы Apple паўплывала запаволеньне тэмпаў росту кітайскай эканомікі — яно зьніжае попыт на прадукцыю кампаніі.