Віцэ-сьпікер украінскага парлямэнту Ірына Герашчанка, якая прадстаўляе Ўкраіну ў гуманітарнай падгрупе на менскіх перамовах аб вырашэньні сытуацыі на Данбасе, патрабуе ад місіі АБСЭ больш актыўнага ўдзелу ў рэалізацыі ўжо дасягнутых у Менску дамоўленасьцяў, а не прапаноўваць новыя нерэалістычныя пляны.
«Мы чакаем ад каардынатара АБСЭ больш актыўнага далучэньня да выкананьня менскіх пагадненьняў, а не падыгрываньня злу пад соўсам роўнааддаленасьці, апалітычнасьці ды нэўтральнасьці. Таму што вельмі часта гэта азначае, што трэба дараваць Маскве за парушэньне менскіх пагадненьняў у гуманітарнай сфэры і сфэры бясьпекі. Расея павінна несьці пакараньне за невыкананьне менскіх пагадненьняў», — заявіла Ірына Герашчанка, камэнтуючы Свабодзе новы плян АБСЭ ва ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.
Украіна патрабуе вываду з Данбасу расейскіх войскаў
У той жа час віцэ-сьпікер падкрэсьліла, што Ўкраіна падтрымлівае ўвядзеньне на Данбас міратворчай місіі ААН:
«Сапраўды, гэтая міратворчая місія павінна падрыхтаваць часова акупаваныя тэрыторыі да правядзеньня там мясцовых выбараў паводле ўкраінскага заканадаўства. Але вельмі важна разумець наступнае: Украіна патрабуе, каб спачатку адтуль цалкам былі выведзеныя замежныя войскі і тэхніка — гэта абавязковая ўмова».
Ірына Герашчанка таксама выказала занепакоенасьць ініцыятывай спэцпрадстаўніка АБСЭ Марціна Сайдзіка аб неабходнасьці ратыфікацыі новага пляну парлямэнтамі Ўкраіны і Расеі.
«Ці можна ўявіць сабе такі дакумэнт, які адначасова ўхваляць парлямэнты Расеі і Ўкраіны? Я сёньня такіх магчымасьцяў ня бачу. Відавочна, што ўкраінскі парлямэнт ніколі не падтрымае ніводнай ініцыятывы, калі ў ёй будзе ісьці гаворка аб прадстаўніцтве краіны-агрэсара ў міратворчай місіі, калі будзе прапаноўвацца разьмяняць Крым на Данбас ці нейкія мітычныя ўмовы для часова акупаваных тэрыторый накшталт аўтаномнага статусу ў складзе Ўкраіны, які потым дазволіць блякаваць вонкавы курс Украіны. Не, гэтага ня будзе», — падкрэсьліла яна.
Віцэ-сьпікер украінскага парлямэнту мяркуе, што прадстаўнікі АБСЭ даволі часта падыгрываюць Расеі, якая «развальвае» гэтую арганізацыю невыкананьнем менскіх пагадненьняў:
«Мы дзякуем нашым партнэрам за любую рэалістычную і прагматычную ініцыятыву, але яна мусіць грунтавацца на менскіх угодах. Я згодная са спэцпрадстаўніком АБСЭ, што менскія пагадненьні прабуксоўваюць, таксама як і праца менскіх падгруп. Але чаму так адбываецца і ці не нясуць за гэта адказнасьць у тым ліку і каардынатары АБСЭ? Вядома, нясуць. Таму замест таго, каб пладзіць усё новыя і новыя пляны, трэба трошачкі больш актыўна папрацаваць над рэалізацыяй ужо існуючых».
Ключавое пытаньне — вызваленьне палонных
Наступнае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе мае прайсьці 30 студзеня ў Менску.
«А сёньня, на паседжаньні ў Менску, мы чакаем ад Марціна Сайдзіка больш жорсткай пазыцыі ў ключавым для нас пытаньні — вызваленьні закладнікаў. Яшчэ летась украінскі бок накіраваў 13 лістоў расейцам з прапановай перадаць грамадзян Расеі, асуджаных ва Ўкраіне за ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе, у абмен на палітвязьняў Крамля. Няма рэакцыі. Дзе на гэта рэакцыя АБСЭ? Чаму АБСЭ не жыве ў тых турмах на акупаваных тэрыторыях, каб пабачыць, у якіх умовах там утрымліваюцца нашы грамадзяне?» — падкрэсьліла Ірына Герашчанка.
«АБСЭ мае пашырыць свой мандат на Крым і Азоў»
Прадстаўніца Ўкраіны ў менскай Трохбаковай кантактнай групе таксама перакананая, што місія АБСЭ мусіць пашырыць сфэру сваёй дзейнасьці:
«Мандат АБСЭ распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Ўкраіны: Крым, Керчанская пратока і Азоўская мора — гэта Ўкраіна. Чаму там сёньня няма назіральнай місіі? Чаму такая пасіўная пазыцыя да стварэньня сталага пункту назіраньня ў Керчы? Мы патрабуем, каб мы крок за крокам рухаліся ў выкананьні менскіх дамоўленасьцяў. Усё іншае павінна грунтавацца на адной ключавой гісторыі — выкананьне менскіх пагадненьняў і аднаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. І мы ня маем патрэбы галасаваньня ў Дзяржаўнай думе РФ за любыя пытаньні, што тычацца Ўкраіны».
Мірны плян Марціна Сайдзіка
Спэцпрадстаўнік АБСЭ ў Трохбаковай кантактнай групе для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе Марцін Сайдзік прапанаваў замяніць менскія пагадненьні новым мірным плянам.
У інтэрвію аўстрыйскай газэце Kleine Zeitung 24 студзеня дыплямат заявіў, што гаворка ідзе аб прыцягненьні ААН да правядзеньня мясцовых выбараў і гарантаваньня бясьпекі, а таксама аб стварэньні агенцтва Эўразьвязу па аднаўленьні тэрыторый з далучэньнем да гэтай працы і прадстаўнікоў часова акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей.
Марцін Сайдзік таксама выказаўся за мэтазгоднасьць ратыфікацыі новага пляну ў парлямэнтах Расеі і Ўкраіны, мяркуючы, што гэта будзе матываваць бакі да яго выкананьня. Цяперашнія менскія пагадненьні такой палітычнай вэрыфікацыі ня маюць.