Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэднестатыстычны беларус мае «па трыста пяцьдзясят». Як зьмяніліся заробкі і даходы беларусаў у 2018 годзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці атрымалася дасягнуць славутых «па пяцьсот» даляраў на сьнежань, пакуль не паведамляецца. Але апублікаваныя некалькі важных паказьнікаў на лістапад. Добра ўсім, акрамя самых бедных.

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за студзень–лістапад 2018 году рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў вырасьлі на 8,4% да аналягічнага пэрыяду 2017 году.

Рэальнымі даходамі тут лічацца ўсе даходы пасьля сплаты падаткаў і складак з карэкцыяй на інфляцыю (спажывецкія цэны вырасьлі). У гэтых даходах заробкі складаюць 64%, яшчэ 8% гэта даходы ад прадпрымальніцкай ды іншай дзейнасьці, 23,5% — пэнсіі, стыпэндыі ды іншыя выплаты, 4,5% — даходы ад уласнасьці ды іншае.


Афіцыйны сярэдні налічаны заробак на лістапад 2018 году склаў 994,0 рубля. За год да таго — на лістапад 2017-га — было 836,9 рубля. Значыць, афіцыйны сярэдні заробак вырас на 18,77%.

Але калі перавесьці ў даляры, лічбы атрымаюцца крыху іншыя: паводле сярэднемесячнага курсу Нацбанку ў лістападзе 2018 году афіцыйны сярэдні заробак быў роўны 468,29 далярам ЗША, а за год да таго — 419,65 даляра. У даляравым эквіваленце сярэдні заробак вырас толькі на 11,6%, але пакуль не дасягнуў «па пяцьсот» даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае 12 гадоў.

Мэдыянны заробак беларусаў на лістапад 2018 году склаў 751,1 рубля — 353,86 даляра. Гэты паказьнік — заробак такога «сярэднестатыстычнага беларуса», адносна якога палова людзей атрымлівае болей, а палова меней. У лістападзе 2017-га мэдыянны заробак быў роўны 635,4 рубля — то значыць, за год вырас на 18,2% (у даляравым эквіваленце — на 11,07%).

Пры гэтым даходы беларусаў разьмеркаваныя не раўнаважна. У III квартале 2018 году разьмеркаваньне было такім, што больш за 800 рублёў наяўных рэсурсаў мелі толькі 11,2% насельніцтва. Колькі такіх было за год да таго, невядома — тады лічылі толькі «звыш 600».

Але колькасьць тых, у каго наяўных рэсурсаў было больш за 600 рублёў на чалавека за год вырасла з 16,9% да 24,9%. Тых, хто мае да 200 рублёў наяўных рэсурсаў, стала меней: з 6,9% да 3,8%. Але адстотак зусім бедных — тых, хто мае менш за бюджэт пражытковага мінімуму, які пералічваецца раз на квартал — амаль не зьмяніўся: было 5,9%, стала 5,6%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG