Гэта пацьверджана судова-мэдыцынскай экспэртызай. Прычыны сьмерці яшчэ 24 чалавек, знойдзеных без прыкметаў гвалтоўнай сьмерці на холадзе ці ў неацяпляльным памяшканьні, высьвятляюць адмыслоўцы.
Такія зьвесткі Свабодзе паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры экстранай мэдычнай дапамогі. Адсочваць сытуацыю зь пераахалоджваньнем цэнтар пачаў з канца лістапада. Ахвяры маразоў выяўленыя ў Бабруйску, Чавусах, Кіраўскім і Магілёўскім раёнах.
Сярод памерлых ад пераахалоджваньня 50-гадовая жыхарка Бабруйску ды 83-гадовая пэнсіянэрка зь вёскі Масток Магілёўскага раёну, якая жыла адна, а знайшлі яе сваякі ля ўласнай хаты. Жанчына мела праблемы са здароўем.
Паводле супрацоўнікаў цэнтру, не заўжды паміраюць на холадзе людзі бяз пэўнага месца жыхарства ці тыя, хто злоўжывае алькаголем. Хаця, як прызнаюць суразмоўцы, такіх бальшыня.
У Магілёве пакуль не разгортвалі пунктаў абагрэву. Ініцыятарамі іх зьяўленьня ў мінулыя гады быў Чырвоны крыж. Як удалося высьветліць, пункты абагрэву выставяць, калі тэмпэратура паветра стабільна зафіксуецца ніжэй 15 градусаў марозу. На 11.00 10 студзеня ў Магілёве было 12 градусаў марозу.