Брытанскія ўлады ўпэўнены, што ведаюць «усё, што варта ведаць» аб атручэньні былога супрацоўніка расейскай ваеннай выведкі Сяргея Скрыпаля, у тым ліку і пра ролю прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў арганізацыі замаху.
Аб гэтым піша газета The Telegraph са спасылкай на ўрадавыя крыніцы.
Па словах суразмоўцаў выданьня, сетка агентаў расейскага ГРУ, якое, па сьцьвярджэньні Лёндана, стаіць за замахам на Скрыпаля і ягоную дачку Юлію, раскрытая, ліквідаваная і ў бліжэйшыя некалькі гадоў ужо не пагражае Вялікай Брытаніі. Дзякуючы маштабнаму расьсьледаваньню, праведзенаму брытанскімі ўладамі, дэталі змовы вядомыя, устаноўлены агенты расейскіх спэцслужбаў, якія зьдзейсьнілі напад у Солсбэры, піша газэта.
Тым ня менш, Лёндан асьцерагаецца, што Масква можа стварыць новую шпіёнскую сетку ў Вялікай Брытаніі, цяпер ужо пад кіраўніцтвам Службы зьнешняй выведкі, якая, па словах суразмоўцы газэты, «больш прафэсійная» і менш вывучана.
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаны 4 сакавіка з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Паводле дадзеных брытанскіх уладаў, замах зьдзейсьнілі два агенты расейскай ваеннай выведкі, вядомыя пад імёнамі Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў.
Лёндан сьцьвярджае, што замах арганізаваў Крэмль, і ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося асабіста на прэзыдэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Масква абвінавачваньні абвяргае.