Музычны партал Tuzinfm.by назваў тройку фіналістаў пятага конкурсу «Засьпявай», які ладзіць супольна з фондам «Вяртаньне».
Выканаўцы даслалі на конкурс 28 дэма-запісаў, затым 25 зь іх запрасілі на жывыя праслухоўваньне, па выніках галасаваньня журы выбрала тройку фіналістаў. Увесну кожны зь фіналістаў мае даць канцэрты пры падтрымцы вядомых выканаўцаў, затым выступіць на галя-канцэрце, дзе і будзе вызначаны пераможца. На рэалізацыю творчых задумаў (у дадатак да запісаў і канцэртаў) пераможца атрымае 1500 рублёў.
У фінал выйшлі:
Дуэт Паўла Козіча і Ціхана Букрабы зь песьняй-балядай «Трамвай» на словы Антона Рудака.
Сямейны электронны дуэт Maximalism зь песьняй «Фрагмэнты» на верш Ганны Комар. Гурт выдаў ужо 4 альбомы, зь якіх два на ўкраінскім лэйбле, яшчэ па адным — на нямецкім і брытанскім.
21-гадовы сьпявак Раман Волазьнеў зь песьняй «Салёныя сны» на словы Мікіты Найдзёнава. Выканаўца ўжо 10 гадоў на сцэне, перамагаў на шэрагу дзіцячых конкурсаў, а сёлета выдаў першы альбом.
Умовамі конкурсу «Засьпявай-5» былі ўзрост выканаўцаў ад 16 да 30 гадоў і песьня на верш сучаснага беларускага паэта — аднаго зь ляўрэатаў прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У склад журы ўвайшлі Алег Хаменка («Палац»), Натальля Куніцкая (музычны праект Mustelide), Алесь-Францішак Мышкевіч (гурты The Superbullz, Volski, Drezden), Ірэна Катвіцкая (гурты Akana, Kazalpin, Warsoba), Андрэй Акатаў (саўндпрадусар, Belsat Music Live), Сяргей Будкін (кіраўнік «Тузіна гітоў») і Павал Бераговіч (кіраўнік фонду «Вяртаньне»).