Адказы на гэтыя, і ня толькі, пытаньні дапытлівыя чытачы знойдуць у новых кнігах выдавецтва «Янушкевіч».
1. Расьціслаў Сэмкіў. Як пісалі клясыкі: парады, правераныя часам.
Пераклад з украінскай Наталкі Бабінай
Чытач упершыню бярэ ў рукі кнігу Франца Кафкі і спрабуе яго прачытаць. Дзесяць, дваццаць старонак... А кніга не паддаецца — нічога не зразумела. Аўтар кепскі? Зусім не. Проста немагчыма без падрыхтоўкі прачытаць Кафку. Спачатку трэба «трэніравацца» на іншых аўтарах — менш складаных. Гэта як прыйсьці ў спартовую залю і схапіцца адразу за штангу зь вялікай вагой. Прыцісьне!
Так нязмушана і ёміста вядомы ўкраінскі літаратуразнаўца Расьціслаў Сэмкіў расказвае пра пісьменьнікаў, якіх ня трэба чытаць зь лёту. У такой даступнай форме аўтар стварыў і кнігу «Як пісалі клясыкі».
Гэтае выданьне пазнаёміць вас з поглядамі на мастацкую творчасьць мэгапапулярных Агаты Крысьці, Джорджа Оруэла, Рэя Брэдбэры, Курта Вонэгута, а таксама блізкіх па часе Мілана Кундэры, Марыё Варгаса Льёсы і Ўмбэрта Эка. Чаму яны пісалі? Як яны гэта рабілі? І як на самой справе сталі пасьпяховымі? Гэта — зборнік практычных парад, якія пацьверджаныя прызнаньнем чытачоў па ўсім сьвеце.
2. Надзея Ясьмінска. Пацеркі і кроплі
Надзея Ясьмінска — папулярная беларуская пісьменьніца, якая піша для дзяцей. Яна была першым ляўрэатам прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў за 2016 год (з кнігай «Сем ружаў»). У 2017 годзе яна стала самым чытаным аўтарам у дзіцячых бібліятэках Менску — атрымала прэмію «Бібліязважаньне». Гэта значыць, яе кнігі бібліятэкары выдавалі найчасьцей. І вось пад Каляды ў Надзеі выйшла новая кніга — «Пацеркі і кроплі».
«Пацеркі і кроплі» — утульная гісторыя, вытканая зь нітак успамінаў, роздумаў і пачуцьцяў пяцігадовага хлопчыка. Ён робіць адкрыцьці, вядзе нататкi-ў-галаве, крыўдзіцца, хварэе, чакае лета, вучыцца чытаць, марыць, разважае пра жыцьцё і пра тое, што па-за ім.
Гэтая кніга — для дапытлівых дзяцей. Яны пазнаюць у галоўным герою сябе ці сваіх сяброў. Тых, у каго ёсьць улюбёны сон з пахам мятных ляндрынак, хто марыць вынайсьці шампунь для думак і хто чуе ў вуркатаньні ката гук марскіх хваляў.
Гэтая кніга — для ўдумлівых дарослых. Таму што ім час ад часу трэба пагружацца ў маленства — такое лёгкае і бесклапотнае, напоўненае дзіўнымі прыгодамі. І вучыцца тым самым лепей разумець сваіх дзяцей. Бо дарослыя могуць зусім забыцца пра тое, як яны некалі бачылі вясёлку ў бэнзінавай лужыне, як рабілі схованку пад ложкам і як чакалі вясны пасьля доўгай зімы.
Вялікі фармат з шыкоўнымі каляровымі ілюстрацыямі Стасі Сакалоўскай — гэтая кніга стане ідэальным кніжным падарункам для вашых дзяцей пад навагоднюю ялінку.
3. Томас Ман. Сьмерць у Вэнэцыі: навэлі і апавяданьні.
Пераклад зь нямецкай Уладзімера Папковіча
Томас Ман (1875–1955) — стваральнік «інтэлектуальнага раману», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1929 году. Ён вядомы найперш сваімі эпічнымі творамі — «Будэнброкі», «Доктар Фаўстус», «Чароўная гара». Але быў бясспрэчным майстрам і ў навэлістычным жанры. Найлепшыя яго навэлі — узор глыбокага псыхалягізму, дзівоснай гармоніі нацыянальнага і агульначалавечага, сацыяльнага і ўнівэрсальнага. Сярод твораў кароткай прозы Мана ёсьць сапраўдныя шэдэўры. Да іх належаць перш за ўсё «Трыстан», «Тоніё Крэгер» і «Сьмерць у Вэнэцыі», якія публікуюцца ў гэтай кнізе. Усяго пад адной вокладкай сабраныя чатырнаццаць навэляў і апавяданьняў, а таксама прамова пісьменьніка на ўручэньні яму Нобэлеўскай
прэміі.
Томас Ман і сёньня, праз шэсьцьдзесят гадоў пасьля сьмерці, уваходзіць у лік найвядомейшых нямецкіх аўтараў, нароўні з Гётэ, Шылерам, Гесэ. А калі падчас Другой усясьветнай вайны пісьменьнік выехаў у ЗША (з прыходам Гітлера да ўлады Ман пакінуў Нямеччыну), яго запрасілі весьці адтуль па радыё антыфашысцкія перадачы для нямецкіх слухачоў. На той час Ман быў адной з самых аўтарытэтных асобаў для немцаў.
«Сьмерць у Вэнэцыі» выйшла ў нобэлеўскай сэрыі Noblesse oblige. Раней у ёй пабачылі сьвет «Голад» Кнута Гамсуна і «Каханьне падчас халеры» Габрыэля Гарсіі Маркеса.
Усе кнігі можна набыць у выдавецкай інтэрнэт-кнігарні.