Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У былой савецкай рэспубліцы 90% жанчын баяцца мужоў


90% таджыкістанак баяцца гневу сваіх мужоў, 39% адчуваюць страх увесь час, 51% — час ад часу, гаворыцца ў дасьледаваньні Агенцтва па статыстыцы пры прэзыдэнце Таджыкістану.

Апытаньне правялі па выніках мінулага году сярод 10 тысяч жанчын ад 15 да 49 гадоў.

Большасьць апытаных жанчын прызнаюцца, што любы іх крок можа стаць прычынай успышкі рэўнасьці або гневу з боку мужа.

Мадзіна Нізомава, юрыст грамадзкай арганізацыі «Гамгоры», кажа, што страх у дзяўчат зьяўляецца яшчэ ў бацькоўскай хаце:

«Дзяўчаты спачатку баяцца сваіх братоў ці бацькі. Калі яны бяруцца шлюбам гэты страх павялічваецца. Спачатку дзяўчыны баяцца зганьбаваць сваіх бацькоў, яшчэ адной прычынай зьяўляецца боязь пасьля разводу застацца без нічога. І яшчэ ёсьць страх за тое, як прыме яе пасьля разводу грамадзтва».

Боязь разводу і зьбіцьця — галоўныя прычыны страху жанчын перад сваімі мужамі. Больш за 30% апытаных жанчын заявілі, што зазналі фізычны і сэксуальны гвалт з боку сваіх мужоў.

Паводле дадзеных арганізацыі International Alert, мужчыны «выхоўваюць» сваіх жонак зьбіцьцём, лаянкай, пагрозамі разьвесьціся.

Таджыкская псіхалягіня Фарзона Шарыфзода кажа, што жыцьцё пад пастаянным кантролем і ў стане страху можа прывесьці да псыхічных захворваньняў.

Па дапамогу ў адну з праваабарончых жаночых НДА зьвярнулася 40-гадовая Дыларам. Яна прызнаецца, што не можа выходзіць з дому без дазволу, а яе тэлефон павінен быць пастаянна ўключаны.

«Калі прашу дазволу схадзіць куды-небудзь, муж кажа „каб толькі туды і назад“, і калі я спазьнюся, то пачынае вінаваціць мяне, што я падманула яго: „Ты ў іншае месца хадзіла, не была ты ў доктара ці ў бацькоў“. Кожны дзень у сьлязах. Кожнае імгненьне думаю, што вось зараз скажу што-небудзь, ізноў пачнецца скандал, не ведаю нават, што і рабіць, каб ён верыў мне, у мяне дрэннае самаадчуваньне, лекары раяць не нэрвавацца, але я кожную хвіліну перажываю, вымушаная нэрвавацца. Муж увесь час папракае мяне: ты тэлефон спэцыяльна выключыла, ты з некім балбатала на вуліцы. Ён ня верыць мне» — распавяла Дыларам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG