Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія пазбавіла субсыдый холдынг, зьвязаны з прэм’ерам Чэхіі


Андрэй Бабіш
Андрэй Бабіш

Эўрапейская камісія часова пазбавіла субсыдый холдынг Agrofert, зьвязаны з прэм’ер-міністрам Чэхіі Андрэем Бабішам. У Брусэлі лічаць, што пры атрыманьні субсыдый фірмамі Бабіша паўстаў канфлікт інтарэсаў.

У Брусэлі прыйшлі да высновы, што Андрэй Бабіш асабіста зацікаўлены ў прыбытковасьці холдынгу Agrofert, у які ўваходзіць каля двухсот кампаній. Прэ’ер у сваіх палітычных рашэньнях можа ўплываць на разьмеркаваньне сродкаў Эўразьвязу, лічаць брусэльскія юрысты.

Андрэй Бабіш заснаваў холдынг Agrofert ў 1993 годзе і быў яго адзіным акцыянэрам. У лютым 2017 года Бабіш перадаў холдынг двум траставым фондам. Кампаніі, якія ўваходзяць у Agrofert, атрымлівалі субсыдыі ад Эўразьвязу ад 42 мільёнаў эўраў у 2013 годзе да 82 мільёнаў у 2017.

Скандал, зьвязаны з канфліктам інтарэсаў, разьвіваецца на фоне абвінавачаньняў у адрас Бабіша аб выкраданьні яго сына — Андрэя Бабіша-малодшага. Яму належыць доля ў буйным комплексе для адпачынку «Гняздо бусла», які пабудаваны з дапамогай датацый з Эўразьвязу. У лістападзе ў СМІ зьявіліся паведамленні, што прэм’ер хаваў свайго сына ў анэксаваным Расеяй Крыме, каб той не ўдзельнічаў у сьледчых дзеяньнях — Бабіша-малодшага падазраюць у махлярстве пры атрыманьні фінансаваньня з эўрафондаў.

У сувязі са скандаламі, зьвязанымі зь бізнэсам Андрэя Бабіша, у Чэхіі неаднаразова праходзілі масавыя акцыі пратэсту. У лістападзе ўрад Бабіша перажыў галасаваньне ў парлямэнце аб вотуме недаверу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG