Аляксандар Лукашэнка 10 сьнежня праводзіць сустрэчу ў Палацы Незалежнасьці з прэзыдэнтам Судану Амарам Хасанам Ахмадам аль-Башырам.
Як піша БелТА, кіраўнікі Беларусі і Судану правядуць сустрэчы ў вузкім і пашыраным складзе, абмяркуюць гандлёва-эканамічную супрацу, прамысловую каапэрацыю, сельскую гаспадарку, энэргетыку, здабычу карысных выкапняў (беларусы ўжо дапамагаюць шукаць золата ў Судане, зьбіраліся шукаць нафту і ваду), палітычнае ўзаемадзеяньне. Аль-Башыр таксама возьме ўдзел у адкрыцьці амбасады Судану ў Менску.
Лукашэнка ўжо сустракаўся з аль-Башырам летась у сталіцы Судану Хартуме.
Амаль 30 гадоў ва ўладзе, генацыд, раскол краіны і беларускія ракеты
Амар Хасан Ахмад аль-Башыр рэгулярна фігуруе ў сьпісах самых жорсткіх дыктатараў сьвету, часта яго называюць самым жорсткім у Афрыцы. Бывала, што аль-Башыра называлі наогул найгоршым дыктатарам сьвету — напрыклад, такім яго назваў у сярэдзіне 2000-х часопіс Parade. Нью-Ёркская газэта Epoch Times паставіла аль-Башыра на 5-е месца ў сьвеце — сьледам за ім ішоў якраз Лукашэнка.
Аль-Башыр прыйшоў да ўлады ў 1989 годзе ў выніку вайсковага перавароту, з таго часу захаваў пасаду.
У 2009 годзе ён стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, на якога быў выдадзены ордэр на арышт Міжнародным крымінальным судом. Яго прызналі вінаватым у кіраваньні кампаніяй масавых забойстваў, гвалтаваньняў і рабаваньняў у правінцыі Дарфур, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавецтва.
Канфлікт у Дарфуры, які трывае з 2003 году, паводле ацэнак ААН, забраў жыцьці 300 тысяч чалавек. ЗША і шэраг міжнародных арганізацыяў прызналі дзеяньні суданскіх уладаў у Дарфуры генацыдам.
Незалежнасьць ад Судану ў 2011 годзе абвясьціў Паўднёвы Судан, у якім у 2013 годзе пачалася ўласная грамадзянская вайна.
Экспэрты ААН лічаць, што Судан парушыў санкцыі гэтай арганізацыі адносна закупу ўзбраеньняў, выкарыстоўваючы супроць антыўрадавых паўстанцаў у правінцыі Дарфур ракеты і самалёты, дастаўленыя Беларусьсю.
Валавы ўнутраны прадукт амаль роўны ў Беларусі і Судане, але паводле ВУП на душу насельніцтва Судан на 135-м месцы ў сьвеце, калі Беларусь — на 65-м (World Bank, 2017). Большая частка эканомікі Судану прыпадае на аграрны сэктар. Да 90% экспарту Судану прыпадае на нафту і нафтапрадукты.