Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на паступовае паляпшэньне адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з памочнікам дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Уэсам Мітчэлам, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
«Асабіста я вельмі разьлічваю, што гэта будзе сапраўды гістарычны візыт, зь якога пачнецца, хай паступовы і павольны, выхад з таго стану, у якім знаходзяцца беларуска-амэрыканскія адносіны», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў апошні час адбыліся сур’ёзныя зрухі ў двухбаковых адносінах, але іх нельга назваць кардынальнымі зьменамі.
«Калі мы з вамі прасунемся ў нашых адносінах, я вам абяцаю, што беларусы ў вас будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнэрамі. Прынамсі, калі мы дамовімся, і ў Беларусі нешта вам паабяцаем, нават на шкоду сабе мы гэта выканаем».
Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, памочнік дзяржсакратара ЗША Уэс Мітчэл падкрэсьліў значэньне, якое ЗША надаюць пытаньню незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі.
«Мы выдатна разумеем глыбокія і блізкія ўзаемаадносіны вашай краіны і Расейскай Фэдэрацыі, якія склаліся гістарычна. І мы выдатна разумеем той посьпех, якога вы дамагліся ў справе забесьпячэньня стабільнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці. У першую чаргу палітычнай стабільнасьці ў Беларусі», — сказаў ён.
Мітчэл запэўніў, што ЗША бачаць вялікі патэнцыял у разьвіцьці як дыпляматычных, так і эканамічных сувязяў зь Беларусьсю.
Напярэдадні, 30 кастрычніка, памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Уэс Мітчэл на чале амэрыканскай дэлегацыі правёў перамовы ў Менску, сустрэўся з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі.