Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант раскрыла падрабязнасьці сустрэчы на саміце Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант раскрыла падрабязнасьці сустрэчы лідэраў краін ЭАЭС, якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу 6 сьнежня. Яе словы перадае тэлеканал «Беларусь-1».
«Расея праводзіць падатковы манэўр. У нас ужо падлічана, што толькі за тры апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў. Вельмі сур’ёзная сума. Пры найгоршым разьвіцьці падзеяў за наступныя чатыры гады мы недаатрымаем амаль 11 мільярдаў. Для нас гэта, як вы разумееце, непрымальна. Мы ў саюзе. А саюз для чаго ствараўся? Для таго, каб кожны дзень было лепш. А тут пагаршэньне, ды яшчэ якое», — заявіла Натальля Эйсмант.
Расея праводзіць падатковы манэўр у нафтавай галіне. Нафтавае пытаньне Лукашэнка і Пуцін плянуюць абмеркаваць падчас сустрэчы на наступным тыдні. Сьпярша гэтае пытаньне абмяркуюць прэмʼер-міністры, а пасьля ўжо кіраўнікі дзяржаваў.
Яшчэ адно спрэчнае пытаньне, якое Аляксандар Лукашэнка ўзьняў на сустрэчы лідэраў ЭАЭС, — цана на расейскі газ для Беларусі. Паводле Лукашэнкі, Беларусь мае менш выгадныя ўмовы, чым Нямеччына.