Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#НАТРИБУКВЫ. Як хворы на рак журналіст вырашыў за год пражыць жыцьцё


Леанід Канфер
Леанід Канфер

У студзені 2018 году яму паставілі анкалягічны дыягназ — пухліна галаўнога мозгу. Пасьля апэрацыі ў Ізраілі ад яго сышла жонка з дачкой, скончылася афіцыйная праца, давялося пераехаць на здымную кватэру ў Кіеве.

«Жыцьцё змахнула ўсе фігуры з маёй дошкі жыцьця. Гэта быў круты выклік, які ня кожнаму выпадае» — так вырашыў Леанід Канфер, журналіст і рэжысэр-дакумэнталіст, які пачынаў кар’еру ў Беларусі ў 1990-я як спэцыяльны карэспандэнт расейскіх тэлеканалаў НТВ, ТВ-6 і ТВЦ. Леанід вырашыў мінусы ператварыць у плюсы і на працягу года рэалізаваць свае мары, на якія раней не хапала часу. І ён распачаў, праект, фільм #НАТРИБУКВЫ.

«Я зразумеў, што жыцьцё закончанае, і ўсё пляны, якія пабудаваў, рухнулі»

— На рак захварэць можа кожны чалавек. Чатыры гады таму Свабода выдала кнігу «Жыцьцё пасьля раку», у якой былі гісторыі 22 чалавек, якія ўсьвядомілі, што рак — гэта дыягназ, а не прысуд, і гэты дыягназ прымусіў іх перагледзіць многае ў жыцьці. Якая твая гісторыя жыцьця пасьля анкалягічнага дыягназу?

— Мінулай восеньню ў мяне здарылася нэўралягічнае расстройства. Раптам адмовілі пальцы правай рукі, пачаліся дробныя сутаргі, прычым я разумеў, што гэта раблю ня я. Пальцы мяне ня слухаліся. Адначасна ў мяне анямела частка твару, пачаліся паколваньні. Гэта працягвалася з хвіліну, а потым спынілася. Калісьці я рабіў фільм пра інсульт і падумаў, што, магчыма, гэта мікраінсульт. І паколькі гэта не паўтарылася ні ў той дзень, ні ў наступны, ні праз тыдзень, я нікуды не пайшоў, хаця і спалохаўся. Падумаў, што справа ў ладзе жыцьця, і трэба яго мяняць. Адзінае, што крыху згубілася адчувальнасьць рукі, але я падумаў, што мне гэта падаецца.

Праз тры месяцы ўсё паўтарылася. Гэта было дастаткова забаўна, бо ў мяне быў дзень нараджэньня, пасьля яго пачаліся сутаргі некалькі разоў на дзень. Я зразумеў, што «дзела пахне керасінам», і стаў чытаць, што ж гэта можа быць. І самае горшае, пра што я мог падумаць, гэта быў пачатак расьсеянага склерозу. Я ўжо да гэтага ўжо маральна рыхтаваўся і ня мог падумаць, што гэта зьвязана з мозгам, што гэта можа быць пухліна. Я пайшоў да нэўроляга, які сказаў, што гэта можа быць усё што заўгодна — да пухліны галаўнога мозгу. Я стаў чытаць, што ж гэта такое, і зразумеў, што ўсё вельмі дрэнна. Усе прагнозы на любой стадыі былі дрэнныя. Я вельмі спадзяваўся, што гэта не яна.

Мне прызначылі МРТ галавы і шыйнага аддзелу, Калі зрабіў МРТ, сказалі, што дасьледаваньне шыйнага аддзелу рабіць ня трэба, бо яны знайшлі прычыну. Я запытаўся, ці гэта пухліна. Унікліва адказалі, што падобна. Гэта было найгоршае. Суткі я чакаў лекарскага заключэньня і здымкаў. Суткі я чытаў пра гэта ў інтэрнэце. На наступны дзень я паехаў у клініку. Памятаю, як стаяў у чарзе па здымкі разам зь іншымі людзьмі, у якіх былі панкрэатыт, соплі, пнэўманія, і ім падавалася, што гэта вельмі сурʼёзна. Я стаяў сярод гэтых людзей і са мной яшчэ ўсё было ў парадку, таму што я яшчэ гэтыя здымкі не атрымаў.

Прыйшла чарга, я атрымаў пакецік з маім прозьвішчам, адышоў, паглядзеў здымкі, нічога не зразумеў, дастаў паперку, дзе было напісана «гліёма пад пытаньнем, 5 сантымэтраў». І я зразумеў, што гэта найгоршае за таго, што магло быць, таму што я ўжо ведаў, што такое гліёма, гліяблястома. Я ўспомніў, як памёр ад гэтай пухліны мой знаёмы Макс Варонін, журналіст тэлеканалу ТВ-2 Томск, як ён памёр менш чым за год, нягледзячы на ўсе высілкі і экспэрымэнтальныя сродкі лячэньня ў ЗША. Я зразумеў, што жыцьцё закончанае, і ўсё пляны, якія я пабудаваў, рухнулі.

«Ёсьць статыстыка, а ёсьць мая асабістая гісторыя. Колькі я пражыву, ведаю толькі я!»

— І тады ты пачаў дзейнічаць?

— Гэта было проста адчуваньне канца, які да цябе раптам прыйшоў. Перад тым, як пачаць дзейнічаць, спрабуеш усьвядоміць, што гэта ўсё адбываецца з табой, а не зь кімсьці іншым. Добра, што ў мяне былі сябры ў Ізраілі, якія займаліся мэдычным турызмам. Я ім пазваніў праз якіх паўгадзіны і паведаміў, што, праўдападобна, ім давядзецца прымаць чарговага кліента, і гэты кліент — я. Адправіў здымкі, і спэцыялістка, якая пазьней курыравала маё лячэньне, сказала, што накіруе здымкі самаму моцнаму нэўрахірургу Ізраіля, і калі ён скажа, што гэта апэрабэльна, таму што ня кожную зону мозга можна апэраваць, то ў мяне ёсьць шанец. А калі не апэрабэльна, то шанцаў няма. Гадзіну, паўтары я чакаў адказу і прызвычайваўся да думкі, што я паміраю, што на гэтым усё. Потым пазваніла Віка і сказала, што ён мяне бярэ, што гэта можна апэраваць. І тады я знайшоў, чым сябе заняць — знайсьці грошы на паездку і на апэрацыю, купіць квіткі, усю лягістыку пабудаваць і гэтак далей.

Я вырашыў больш нічога не чытаць пра гэтыя пухліны. І па сёньняшні дзень я нічога пра гэтыя пухліны не чытаю. Ёсьць статыстыка, а ёсьць мая асабістая гісторыя. Колькі я пражыву, ведаю толькі я. Так атрымалася, што ў аўторак мне паставілі дыягназ, у суботу я вылецеў у Ізраіль і праз тыдзень пасьля пастаноўкі дыягназу мяне праапэравалі.

Я быў у сьвядомасьці, калі мяне апэравалі. Мяне разбудзілі падчас апэрацыі. Са мной размаўлялі ў той момант, калі выразалі пухліну з мозгу. Гэта была зона мозгу, якая адказвала за памяць і маўленьне, і ім вельмі важна было зразумець, што яны нічога лішняга не чапаюць, што мае здольнасьці думаць і гаварыць не парушаныя. Я памятаю гэтыя нібыта жахлівыя, а з другога боку прыкольныя адчуваньні, калі разумееш, што табе нешта ў галаве робяць, і ты ў гэты момант размаўляеш з нэўрапсыхолягам і расказваеш ёй пра сваё жыцьцё.

«Канфер, ты ўжо сваё пражыў. Табе жыцьцё дало бонус. Падумай, на што ты яго расходуеш»

— Як адбывалася рэабілітацыя?

— Я дастаткова хутка стаў на ногі, праз 3-4 дні пасьля выпіскі хадзіў па 10 кілямэтраў пешкі. Першае адчуваньне — эўфарыя. Пасьля такой апэрацыі ўсе хворыя могуць пра гэта сказаць. Нібыта падаравалі шанец на другое жыцьцё. Сябра, які мяне курыраваў, сказаў: «Канфер, ты ўжо памёр, лічы, ты ўжо сваё пражыў. Камусьці адмерана болей, камусьці меней. Табе — вось столькі. Твой безьліміт жыцьця скончаны. Ты сваю карту жыцьця папаўняеш ад МРТ да МРТ. Падумай, што табе жыцьцё дало бонус. Падумай, на што ты яго расходуеш». І гэта галоўнае пытаньне, якім я цяпер жыву, на якое спрабую адказаць, на што я расходую бонус свайго жыцьця, ці зьбіраюся расходаваць...

Адчуваньне эўфарыі вельмі моцнае, вельмі важнае, але так ці інакш яно праходзіць. Ты ня можаш пастаянна радавацца любой праяве жыцьця — туману, дажджу, сьнегу, холаду, як і сонцу. Трэба зразумець сэнс гэтага жыцьця. Раней для мяне найважней за ўсё была праца, мая самарэалізацыя. Я сваё жыцьцё адмерваў ад фільма да фільма, ад рэпартажу да рэпартажу, і многія кавалкі свайго жыцьця магу ўспомніць па маіх камандзіроўках, па таму, як я рабіў той ці іншы сюжэт.

Я зразумеў, што самае важнае насамрэч банальна. Гэта блізкія людзі, твая сямʼя, таму што ты ня думаеш пра свае прафэсійныя ўзнагароды, фільмы, званьні, а думаеш пра тых людзей, якія з табой побач, якія табе патрэбныя. Гэта банальна, але любы чалавек пачынае асэнсоўваць, што для яго на гэтым этапе жыцьця важныя гэтыя рэчы. Не магу сказаць, што ня важна мая рэалізацыя, мае фільмы, але яны важныя да нейкага моманту. Потым адбываецца пераацэнка.

«Прафэсія журналіста гэтак жа муціруе, як і мая пухліна, у прапаганду»

— Колькі табе гадоў?

— Сёлета 9 студзеня мне споўнілася 45 гадоў, а 10 студзеня пачалася ўся гэтая фігня. Калі здараецца такое, так ці інакш падсумоўваеш нейкія вынікі. Паколькі я займаўся журналістыкай, то стаў задумвацца пра тое, а які ж вынік маёй працы. Я стаў думаць пра тое, што стала з намі, з пакаленьнем журналістаў 40+, хто засьпеў перабудову, хто стаў сьведкам таго, як свабода зварочваецца.

Я працаваў у Беларусі, Расеі, Украіне, і я вырашыў зрабіць фільм, які назваў #НАТРИБУКВЫ, пра тое, што стала з намі, журналістамі, з пакаленьнем саракагадовых, з нашай прафэсіяй. І я прыйшоў да несуцяшальнай высновы, што прафэсія журналіста гэтак жа муціруе, як і мая пухліна, у прапаганду. Пухліна — гэта мутацыя клетак. Прафэсія журналіста муціруе ў прапаганду, і прапаганда — гэта такая ж пухліна насамрэч. Калі пытаюцца, якая сувязь паміж журналістыкай і тваёй анкалягічнай гісторыяй, я кажу — вельмі простая. Гэта — таксама пухліна. Хлусьня прыводзіць да прапаганды, прапаганда прыводзіць да вайны, вайна прыводзіць да Аўшвіца. Усё дастаткова проста.

Я вырашыў зьняць фільм ад першай асобы. Упершыню я — галоўны герой фільма і аўтар адначасова. Я здымаю яго праз тых людзей, зь якімі я ў розны час працаваў, здымаю пра тое, што з намі стала ў Беларусі і Расеі. Некаторыя мае былыя сябры сталі працаваць на прапаганду, многія сышлі з прафэсіі, ад некаторых прафэсія сышла. Я і меркаваць ня мог на той момант, што праект, які я вырашыў назваць на тры літары, стане шырэйшы за асобна зьняты фільм.

Так адбылося, што я страціў сямʼю, ад мяне сышоў каханы чалавек і я страціў магчымасьць жыць са сваёй сямʼёй, са сваёй дачкой.

«Жыцьцё змахнула ўсе фігуры з маёй дошкі жыцьця. Гэта круты выклік, які ня кожнаму выпадае»

— Ці на гэта паўплывала твая хвароба?

— Не. Не буду паглыбляцца. Жонка ад мяне сышла. Ня буду называць прычыны, чаму гэта здарылася, але так атрымалася, што менавіта праз некалькі месяцаў пасьля апэрацыі яна вырашыла са мной разьвесьціся.

Я застаўся абсалютна адзін на здымным жытле. Так атрымалася, што мая афіцыйная праца таксама скончылася. Дастатковая складаная была сытуацыя, я быў у глыбокай дэпрэсіі, таму што я страціў усё — здароўе, працу, стабільнасьць у выглядзе сталага даходу, сямʼю. Гэта да пытаньня пра тое, як нарадзіўся праект #НАТРИБУКВЫ, як за год пражыць жыцьцё.

І я вырашыў, што насамрэч гэта не мінусы, а плюсы. Я ня верыў у нейкія мэтафізычныя рэчы, ні ва што ня верыў, але тут давялося паверыць. Жыцьцё змахнула ўсе фігуры з маёй дошкі жыцьця і сказала: «Усё, вось табе чыстае поле, пачынай з нуля». Я падумаў, што гэта круты выклік, які ня кожнаму выпадае. О. К. добра, калі мы пачынаем з нуля, тады я паспрабую за кароткі час дасягнуць таго, чаго я ў прынцыпе хацеў.

Можа быць, для кагосьці гэта сьмешныя рэчы, але для мяне гэта матывацыя проста жыць. Справа ня ў тым, што я адціснуся 100 разоў, сяду на шпагат ці пераплыву Дняпро. Справа ў тым, што гэта проста думкі пра жыцьцё, а не пра сьмерць. Я ня ведаю, колькі мне засталося. Мне выразалі ня ўсю пухліну. Частка пухліны засталася ў неапэрабельнай зоне, і яна ў нейкі момант так ці інакш пачне расьці.

Я сябе адвёў год. У мяне, напэўна, ёсьць год дзеяздольнага жыцьця, за які я хачу дасягнуць нейкіх мэтаў і прадэманстраваць, што нават у гэтай сытуацыі ўсе мінусы для чалавека, гэта насамрэч плюсы. Чым цяжэй, чым цікавей. Табе кінулі выклік, ты яго прыняў. Ты павінен вельмі моцна раззлавацца на жыцьцё за тое, што яно ў цябе ўсё забрала, і даказаць, што можаш нешта большае, што ты можаш пабудаваць усё літаральна за год.

Я правёў некалькі публічных, матывуючых лекцый і я ўбачыў, што я зараджаю людзей сваім аптымізмам. Я зразумеў, што гэта важна для многіх людзей, і ня толькі для тых, хто хварэе, але і для тых, хто проста жыве, плыве па цячэньні, ня бачыць сэнсаў, не знаходзіць матывацыі. І для іх важна сачыць за чалавекам у сетках, які, нягледзячы на тое, што ён страціў, спрабуе ўсё адбудаваць занава.

«Большасьць аддае перавагу маўчаньню, хаця анкалёгія — не сыфіліс»

— У Беларусі вельмі многія людзі, у тым ліку публічныя асобы, вельмі неахвотна расказваюць пра тое, што ў іх рак. Нават у публікацыях пра сьмерць вядомага чалавека, бывае, што пазьбягаюць згадваць пра анкалягічны дыягназ. Ты зрабіў сваю бітву з ракам публічнай. Што гэта табе дае? Ці так лягчэй? Ці разумееш ты тых, хто маўчыць пра анкалягічны дыягназ і пра сваю барацьбу?

— Я разумею, што я — у меншасьці. Заўсёды ёсьць выбар — альбо ты гаворыш пра гэта альбо не. Большасьць аддае перавагу маўчаньню. Хаця анкалёгія — не сыфіліс. Я ж ня вёў нейкі разгульны лад жыцьця, каб атрымаць такі дыягназ. Чаму для мяне гэта важна, чаму я пра гэта загаварыў? Калі ты прагаворваеш, і асабліва калі здымаеш фільм, дзе ты сам — галоўны герой, калі на ўсё глядзіш збоку, нібыта гэта адбываецца не з табой, тады ты заняты драматургіяй фільма, ты перажываеш, якія здымкі атрымаюцца... Ёсьць псыхалягічны момант у гэтым.

Канечне, ты хочаш навучыцца любіць жыцьцё так, як яго не любіў раней, гэтым хочацца зь кімсьці дзяліцца. У дадзены момант для мяне аказалася важнай мая анкалёгія. Я ж гавару ня толькі пра анкалёгію, я гавару пра тое, што стала з нашай прафэсіяй. Анкалёгія — толькі драматычны складнік усей гэтай гісторыі. Я гавару пра тое, што важна, і ў мяне ёсьць патрэба гэтым дзяліцца. І калі я бачу, што гэтым я людзей яшчэ і матывую, то чаму б не. Нічога дрэннага.

Калі абвяшчаеш публічна, што хочаш дасягнуць нейкіх мэтаў, гэта значыць, што ты ня маеш права адступаць назад. Можа, і хочаш даць слабіну, сказаць, лепей я адляжуся, будзе як будзе... Але ўжо вядомыя людзі ўпісалі ў свае рэпутацыі ўдзел у флэшмобе ў маю падтрымку, і калі я скажу, што я гэтага рабіць ня буду, то значыць, яны проста пракукарэкалі, зраілі нейкі піяр...

Я хачу даказаць усім і сабе, што гэта не прысуд, што жыцьцё вымяраецца ня толькі колькасьцю пражытых гадоў, але і якасьцю. Я магу пражыць год, але я магу пражыць гэты год так, як многія і дзесяць гадоў не пражывуць, атрымаць такія эмоцыі, такія адчуваньні ад жыцьця, якія ніхто не адчуе, не зразумее. Справа не ў працягласьці, а ў якасьці жыцьця. Час — гэта той самы важны рэсурс, якім ня варта пагарджаць. Можна казаць, што праз тыдзень ці месяц пачну новае жыцьцё. Няма гэтага тыдня, трэба пачынаць цяпер. Не сёньня і ня заўтра.

«Калі пачынаюць шкадаваць, казаць: "Трымайся", я гэта ненавіджу»

— Якая дапамога, якая падтрымка табе патрэбная? Ці ёсьць яна цяпер? Многія людзі ведаюць пра твой дыягназ, я бачу ў сацсетках шмат камэнтароў, а ці ёсьць рэальная падтрымка?

— Я сам каму хочаш дапамагу. Не скажу, што яна мне проста патрэбная. Мне не патрэбна, каб мяне шкадавалі. Калі пачынаюць шкадаваць і казаць: «Трымайся», я гэта ненавіджу. Гэта значыць, што табе ўскосна даюць зразумець, што з табой усё вельмі дрэнна.

Чаму мне важна было, каб мая дачка паехала са мной на апэрацыю? На той момант ёй было 4 гады. Яна ўвогуле паняцьця ня мае, што такое рак, што ў таты рука пасьля апэрацыі абмежаваная ў рухах, таму што выразалі зону мозгу, якая адказвае за гэтую руку. Дачка казала: «Давай, тата, мяне на плечы, насі мяне. Трымай, хапай і гэтак далей». Яна ставілася да мяне як да проста таты, як да нармальнага чалавека. Людзі, якія даюць мне зразумець, што са мной усё дрэнна, мне не патрэбныя. Мне не патрэбная падтрымка такога роду.

Мне патрэбныя людзі, якія мяне любяць, якім са мной цікава, як зь Лёнем Канферам, а не з чалавекам, які мае патрэбу, каб да яго прыйшлі, пагладзілі па галоўцы ці па каленцы. Тады я разумею, што са мной сапраўды ўсё дрэнна. А са мной людзі кантактуюць, кажуць, што хвароба пайшла мне на карысьць, я стаў інакш ставіцца да жыцьця, інакш выглядаць. Ім проста са мной цікава. Не спэцыяльна, але я іх матывую, зараджаю. Падтрымка ў тым, што нам проста добра разам.

Мая мама жыве ў Менску. Тата памер у 1999 годзе ў Ізраіле. Так супала, што мне рабілі апэрацыю ў дзень ягонай сьмерці.

Мэты — сесьці на шпагат, пераплыць Дняпро, прабегчы маратон, зьняць 15 фільмаў

— Што ты ўжо зрабіў з заплянаванага на гэты год і што наперадзе?

— Ёсьць мэты, так бы мовіць, на публіку, кшталту сесьці на папярэчны шпагат ці пераплыць Дняпро наступным летам (я яшчэ не ўмею плаваць). На ровары за суткі даехаць ад Кіева да Львова. Гэта 500 кілямэтраў. Усё пакуль у працэсе. Ёсьць мэта — прабегчы маратонскую дыстанцыю 42 кілямэтры. Я пакуль бегаю 10 кілямэтраў. Трэба выйсьці на паўмаратон да вясны. Адціскаюся са 100 пакуль 50 разоў.

Мая мэта — за год здаць 15 фільмаў у прадусарскім цэнтры. Адзін з фільмаў ужо здалі, цяпер у вытворчасьці яшчэ 8 карцін, і 7 зь іх павінны быць гатовыя да красавіка. Былі мэты — стварыць цэнтар дакумэнтальнага кіно, школу дакумэнталістаў, пляцоўку ў інтэрнэце для дакумэнтальнага кіно, вялікую вытворчасьць для ўкраінскіх тэлеканалаў, і ня толькі для ўкраінскіх. Цэнтар дакумэнтальнага кіно адкрылі, ён працуе. Вытворчасьць ідзе.

Вырашыў стаць байкарам. Для гэтага абавязкова патрэбныя татухі. Я адну ўжо набіў, другая на чарзе. Далей — пакупка Харлея. Вясной на Харлеі з адной з гераіняў майго фільма павінны паехаць на нейкі байк-фэст.

«І я бегаю па сьвету за сваёй прафэсіяй, якая памірае спачатку ў Беларусі, потым у Расеі»

— У Беларусі многія памятаюць цябе па тэлерэпартажам. Як склаўся твой прафэсійны лёс пасьля таго, як зьехаў зь Беларусі?

— Я быў карэспандэнтам выніковай праграмы «Неделя» з Марʼянай Максымоўскай на тэлеканале REN TV. Гэта быў мой найлепшы рэпарцёрскі час. У 2007 годзе паўгода працаваў у Чачні, спрабаваў навучаць прафэсіі чачэнскіх журналістаў. Гэта называлася прыгожа — дарадца прэзыдэнта Чачні па тэлебачаньні. Мне часта гэтую гісторыю ўспамінаюць. Потым я быў у Ізраілі галоўным рэдактарам расейскамоўнага 9-га канала. Цяпер у мяне свая студыя дакумэнтальных фільмаў ва Ўкраіне. Мы здымаем дакумэнтальнае кіно і спрабуем здымаць тэлевізійныя праграмы, так што ў мяне свая продакшн кампанія.

Леанід Канфер у студыі ўкраінскай Свабоды.
Леанід Канфер у студыі ўкраінскай Свабоды.

Зь Беларусі я зьехаў у 2000 годзе, таму што разумеў, што ніякага разьвіцьця ў прафэсіі ня будзе. Працаваць для беларускага тэлебачаньня я не хацеў, ня мог займацца прапагандай. Аказалася, што ў Маскве, куды я ўцёк і шмат шчасьлівых гадоў правёў у рамках прафэсіі, таксама ўсё памерла. І я бегаю па сьвету за сваёй прафэсіяй, якая памірае спачатку ў Беларусі, потым у Расеі. Цяпер і ва Ўкраіне ёсьць праблемы, але пакуль яшчэ ёсьць магчымасьць займацца журналістыкай, і я гэта раблю.

Калі і тут усё накрыецца медным тазам, паеду працаваць таксістам у Ізраіль. Жартую, канечне. Ва Ўкраіне ёсьць магчымасьць займацца прафэсіяй. Да таго ж Украіна — ахвяра агрэсіі, адпаведна супрацьстаіць «рускаму сьвету», гэтай настальгіі па СССР. Гэта тое, што адпавядае май грамадзянскай пазыцыі. Мы тут супадаем і ёсьць магчымасьць далей працаваць.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG