Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарвыканкам стварыў чат-бот для даносаў аб «праблемных пытаньнях у ідэалягічнай сфэры»


Менскі гарвыканкам, архіўнае фота
Менскі гарвыканкам, архіўнае фота

Улады называюць якія-кольвек неляяльныя публікацыі і інфармацыю «дэструкцыйнымі матэрыяламі».

Чат-бот у Telegram для паведамленьняў аб «праблемных пытаньнях у ідэалягічнай сфэры» запусьцілі 10 сьнежня Менгарвыканкам і заснаванае ім інфармацыйнае агенцтва «Минск-Новости». Апублікавана запрашэньне пісаць у чат:

«Заўважылі нездавальняльны стан урадавай сымболікі, падробкі і скажэньні гістарычных фактаў, або сталі сьведкамі распаўсюджваньня дэструкцыйных матэрыялаў і г.д. — паведамляйце пра гэта!»

Для гэтага рэкамэндуецца зайсьці ў чат-бот «Ідэалягічная праверка», «апісаць праблему і прымацаваць фота ці відэа». Падкрэсьліваецца, што заяўкі «будуць апрацаваныя кампэтэнтнымі службамі», каб зрабіць «ідэалягічную прастору Менску яшчэ лепшай».

Як піша Позірк, у Беларусі даносы актыўна выкарыстоўваюцца для перасьледу іншадумцаў з 2020 году. Напрыклад, сыстэматычна іх піша праўрадавая актывістка Вольга Бондарава .

Па яе паведамленьні адміністрацыя Савецкага раёну Менску закрыла краму сувэнірнай прадукцыі «Калядная крама». Адзначалася, што там прадаваліся тавары з «выявай нацыстоўскай злачынцы Ларысы Геніюш».

У красавіку 2024 году група ананімных хакераў «Кібэрпартызаны» паведаміла ў сваім Telegram-канале, што за апошнія дзевяць гадоў на сайт КДБ паступіла каля 40 000 зваротаў (цяпер сайт не функцыянуе).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG