Ваеннае становішча будзе ўведзнае ад 28 лістапада на 30 дзён у дзесяці абласьцях Украіны, якія мяжуюць з Расеяй.
Што будзе абмежавана?
Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла законам указ прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб увядзеньні ваеннага становішча ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны».
Рашэньне падтрымалі 276 з 330 дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі.
«Ваеннае становішча будзе выкарыстана выключна ў выпадку наземнай вайсковай апэрацыі. Абмежаваньня правоў і свабод ня будзе», — заявіў у парлямэнце прэзыдэнт Пятро Парашэнка.
Паводле яго, ваеннае становішча закране толькі асобныя вобласьці на мяжы з Расеяй, Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікай і ў тэрытарыяльных водах Керчанскай пратокі — Віньніцкай, Луганскай, Данецкай, Запароскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Харкаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Херсонскай.
Чарнігаўская вобласьць мяжуе зь Беларусьсю.
Пасьля падпісаньня закону прэзыдэнтам Украіны ваеннае становішча будзе абвешчана з 28 лістапада на 30 дзён і мае завяршыцца за некалькі дзён да выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі — 31 сьнежня ва Ўкраіне пачынаецца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты.
У прыватнасьці, парлямэнт даў права Пятру Парашэнку ў пэрыяд дзеяньня ваеннага становішча абвяшчаць мабілізацыю ў «тэрміны і ў аб’ёмах, зыходзячы з пагрозаў нацыянальнай бясьпецы і абароне Ўкраіны».
Усе вайсковыя, праваахоўныя і спэцыяльныя службы Ўкраіны пераходзяць на ўзмоцнены рэжым службы. Кабінэт міністраў абавязаны забясьпечыць Узброеныя сілы Ўкраіны неабходнымі матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі, а Дзяржаўная служба ў надзвычайных сытуацыях — прывесьці ў поўную гатоўнасьць усе аб’екты цывільнай абароны. Ва ўсіх абласных цэнтрах і па вэртыкалі дзяржаўныя адміністрацыі мусяць стварыць рады абароны.
Згодна з указам Пятра Парашэнкі, на час дзеяньня ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, прадугледжаныя 12 артыкуламі Канстытуцыі Ўкраіны:
- на недатыкальнасьць жыльля;
- на тайну ліставаньня, тэлефонных размоў, тэлеграфнай і іншай карэспандэнцыі;
- на няўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё;
- на свабоду перамяшчэньня, выбар месца пражываньня, выезд з Украіны;
- на свабоду думкі і слова, вольнае выказваньне сваіх поглядаў і перакананьняў;
- на ўдзел у кіраваньні дзяржаўнымі справамі, у рэфэрэндумах і выбарах;
- на мірныя сходы, мітынгі і дэманстрацыі;
- на сваю ўласнасьць і вынікі сваёй інтэлектуальнай і творчай дзейнасьці;
- на прадпрымальніцкую дзейнасьць;
- на свабоду выбару працы;
- на страйкі для абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў;
- на адукацыю.
Міністэрства замежных спраў Украіны мусіць паінфармаваць Генэральнага сакратара ААН і афіцыйных асобаў замежных дзяржаў пра ўвядзеньне ў краіне ваеннага становішча і абмежаваньне правоў і свабод грамадзян, пра абсяг такіх абмежаваньняў і іх прычыну.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандар Турчынаў, прадстаўляючы дакумэнт у парлямэнце, заявіў, што звужэньне правоў і свабод грамадзян будзе ажыцьцяўляцца толькі ў выпадку неабходнасьці, прадыктаванай пагрозамі непасрэдна ў месцах баявых дзеяньняў.
25 лістапада Расея заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі — «Бярдзянск», «Яны Капу», «Нікапаль» — захопленыя Расеяй у выніку канфлікту ў Азоўскім моры.
Куды плылі ўкраінскія караблі?
Украінскія караблі накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль, што дазволена ў адпаведнасьці з артыкуламі 17, 38 Канвэнцыі ААН па марскім праве і артыкулам 2 Дагавору паміж Украінай і РФ 2003 году аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі.
Але караблі сьпярша былі заблякаваныя расейскімі вайсковымі суднамі, Керчанскую пратоку перакрылі сухагрузам, каб яны не змаглі прайсьці. Расея падняла ў паветра зьнішчальнікі і верталёты.
Апроч таго, расейскі карабель «Дон», пайшоў на таран украінскага рэйдавага буксіра, відэа апублікаванае ў інтэрнэце. У выніку буксір быў пашкоджаны і ня змог самастойна рухацца.
Бой у Азоўскім моры
Увечары 25 лістапада расейскія вайсковыя караблі атакавалі ўкраінскія, у выніку чаго былі параненыя 6 украінскіх маракоў, двое зь іх у цяжкім стане. Усяго Расея захапіла больш за 20 украінскіх маракоў.
Што кажуць у Расеі
Расейскі бок распачаў крымінальную справу па факце парушэньня мяжы. Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці праз Керчанскую пратоку незаконна, хоць яшчэ 2 месяцы таму праблемаў з гэтым не ўзьнікала.
Расея зьвінаваціла Ўкраіну ў правакацыі. Масква заяўляе, што праверкі ўкраінскіх суднаў законныя. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Ўкраіна выкарыстоўвае напружаную сытуацыю ў Азоўскім моры як падставу для ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расею.
Міжнародная рэакцыя
Рада Бясьпекі ААН у панядзелак, 26 лістапада, зьбіраецца на экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве. Шэраг эўрапейскіх краінаў рэзка асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры, аднак рэакцыя Эўразьвязу і NATO пакуль стрыманая.
Перадгісторыя канфлікту
Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. У Кіеве было прынятае рашэньне ўмацаваць вайсковы флёт у Азоўскім моры і перакінуць частку караблёў з Адэсы ў Марыюпаль і Бярдзянск.
А што ад гэтага Беларусі?
На думку вайсковага ээкспэрта Аляксандра Алесіна, любое абвастрэньне паміж Расеяй і Ўкраінай не на карысьць Беларусі.
«Бо абодва бакі запатрабуюць дэманстрацыі падтрымкі, а станавіцца на бок аднаго з бакоў у гэтым канфлікце — значыць ісьці супраць уласных інтарэсаў, несьці рэпутацыйныя ды іншыя страты. Зь беларускага боку я чакаю дыпляматычных захадаў, заклікаў не пашыраць канфлікту, сесьці за стол перамоваў ды іншыя агульныя словы. Калі прагучыць ад Менску міратворчая прапанова, прыкладам стаць пасярэднікам у канфлікце, мяркую, яна ня будзе пачутая, бо на сцэну выйдуць магутныя міжнародныя гульцы — ААН, Эўразьвяз ды іншыя», — мяркуе Аляксандар Алесін.
МЗС Беларусі пакуль не адрэагавала на новы віток канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.