Рада Бясьпекі ААН у панядзелак, 26 лістапада, зьбярэцца на экстраннае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве.
Пра гэта паведаміла ў твітэры сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Нікі Гэйлі.
Паседжаньне склікаецца паводле ініцыятывы ўкраінскага і расейскага бакоў. Масква настойвала на скліканьні ў сувязі зь небясьпечным разьвіцьцём сытуацыі ў Азоўскім моры. Кіеў заявіў, што зварот прадыктаваны агрэсіўнымі дзеяньнямі з боку Расеі.
«Нахабныя паводзіны агрэсара можна спыніць толькі скаардынаванымі намаганьнямі», — напісаў у твітэры пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка.
Раней NATO і Эўрапейскі зьвяз заклікалі Расію і Ўкраіну да стрыманасьці.
Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць
У сувязі з захопам Расеяй трох украінскіх суднаў у Азоўскім моры Ўзброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць. У Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што гэта зроблена з прычыны «агрэсіўных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі ў Керчанскім праліве», «для недапушчэньня на тэрыторыі Ўкраіны іншых правакацый спэцслужбаў РФ і дэстабілізацыі сытуацыі ўнутры краіны».
Ваенна-марскія сілы Ўкраіны заявілі, што расейскія памежнікі ўвечары 25 лістапада адкрылі агонь па ўкраінскай карабельнай групе, у выніку чаго шэсьць маракоў былі параненыя. У ВМС паведамілі аб трох захопленых украінскіх караблях.
У Расеі заявілі пра «правакацыю Кіева», маракі якога нібыта «парушылі дзяржаўную мяжу Расеі».
У Генштабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што паводле стану на пачатак сутак 26 лістапада лёс украінскіх маракоў і караблёў невядомы. Расейскія марскія памежнікі і сілы спэцпрызначэньня напалі на тры ўкраінскія караблі, калі тыя вярталіся пасьля няўдалай спробы прайсьці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Пры гэтым, паводле звестак украінскага боку, напад адбыўся па-за 12-мільнымі межамі водаў вакол акупаванага Крыму, на якія Расея прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя воды».
Перад тым Расея фізычна перакрыла Керчанскі праліў для ўсяго суднаходзтва, паставіўшы папярок яе цывільнае судна.
26 лістапада пасьля паўночы на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны было прынятае рашэньне аб падрыхтоўцы да ўвядзеньня ваеннага становішча ва Ўкраіне на 60 дзён з прычыны нападу Расеі. Гэтае пытаньне парлямэнт Украіны павінен разгледзець увечары 26 лістапада на закрытым паседжаньні, пачатак якога заплянаваны на 16-ю гадзіну.