Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасаду Расеі ў Кіеве закідалі дымавымі шашкамі. ФОТА, ВІДЭА 


Акцыя пратэсту супраць нападу расейскіх вайскоўцаў на ўкраінскія караблі на ўваходзе ў Азоўскае мора прайшла каля амбасады Расеі ў Кіеве.

Позна ўвечары 25 лістапада каля амбасады Расеі ў Кіеве актывісты і вэтэраны правялі акцыю пратэсту супраць агрэсіі Расеі ў Чорным моры.

Амбасаду Расеі закідалі дымавымі шашкамі, таксама людзі спрабавалі падпаліць шыны, якія прынесьлі да агароджы амбасады, але іх спынілі сілавікі, якія заклікалі пратэстоўцаў не парушаць грамадзкі парадак.

Карэспандэнт Свабода паведаміў пра ахоплены агнём аўтамабіль з дыпляматычнымі нумарамі амбасады Расеі, які стаяў непадалёк ад будынка дыпмісіі, у завулку Яраслава Хомава.

Атака ў Азоўскім моры

Раніцай 25 лістапада расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Ваенна-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны. Два малыя ўкраінскія браняваныя артылерыйскі катэры і рэйдавы буксір ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. У камандаваньні ВМС Украіны адзначылі, што пра намер ажыцьцяўляць пераход было паведамлена загадзя ў адпаведнасьці з міжнароднымі нормамі.

Аднак, як адзначае ўкраінскі бок, насуперак Канвэнцыі ААН па марскім праве і дамовы паміж Украінай і Расеяй аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі, пагранічны карабель РФ «Дон» пратараніў украінскі рэйдавы буксір, у выніку чаго пашкоджаны галоўны рухавік карабля, абшыўка і леерная агароджа, згублены выратавальны плот.

Расея ж заяўляе, што ўкраінскія караблі «неправамерна» зайшлі ў часова зачыненую акваторыю тэрытарыяльнага мора РФ. У ФСБ сьцьвярджаюць, што ў іх не было заяўкі на праход караблёў і ў графік праходу праз Керчанскую пратоку яны не былі ўключаны.

У выніку атакі расейскіх вайсковых і памежных караблёў на карабельную групу ВМС Украіны паранена шэсьць украінскіх вайскоўцаў, паведаміў афіцыйны Кіеў.

У сувязі з захопам Расеяй трох украінскіх суднаў у Азоўскім моры Ўзброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

26 лістапада пасьля паўночы на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны было прынятае рашэньне аб падрыхтоўцы да ўвядзеньня ваеннага становішча ва Ўкраіне на 60 дзён з-за нападу Расеі. Гэтае пытаньне парлямэнт Украіны павінен разгледзець вечарам 26 лістапада на закрытым пасяджэньні, пачатак якога заплянаваны на 16-ю гадзіну.

У апошні час расейцы ўсё больш актыўна блякуюць Азоўскае мора пагранічнымі караблямі, раней яны перагарадзілі Керчанскую пратоку мостам. У выніку грузапаток украінскіх партоў падае і рэгіёну пагражаюць эканамічныя праблемы. 25 кастрычніка 2018 Эўрапарлямэнт заклікаў Эўразьвяз узмацніць санкцыі супраць РФ у выпадку абвастрэньня сытуацыі ў Азоўскім моры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG