Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу бацькоў школьніцы з Маладэчна Вікторыі Папчэні, якая загінула падчас сельскагаспадарчых прац, паведамляе «Гомельская Вясна».
Скарга зарэгістраваная 19 лістапада (№ 3265 / 2018) і накіраваная ўраду Беларусі для адказу па сутнасьці выкладзеных у ёй прэтэнзій. Цяпер беларускія ўлады мусяць даць адказ на пытаньне, на якое не адказала нацыянальная судовая сыстэма: чаму ў Беларусі выкарыстоўваецца дзіцячая праца?
29 верасьня 2016 году падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік.
23 сьнежня 2016 году кіроўцу Паўла Цыбіна асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі. 12 ліпеня 2017 году настаўніцам Вользе Завадзкай і Ірыне Апанасевіч, абвінавачаным у неналежным выкананьні абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі, жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць васьміклясьніцы Вікі Папчэні, прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і штрафы ў памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).
Прадстаўнік інтарэсаў бацькоў загінулай школьніцы праваабаронца Леанід Судаленка на гэтым не спыніўся. Ён пачаў цяжбу, каб даказаць віну дзяржавы, а не настаўнікаў і кіроўцы, на месцы якіх можа апынуцца любы іншы чалавек. У канчатковым выніку ён хоча дамагчыся поўнай забароны дзіцячай працы ў Беларусі і на ўзроўні заканадаўства, і на ўзроўні практыкі.
Судаленка заяўляе, што справа сям’і Папчэняў прэцэдэнтная — дзяржава праз выкарыстаньне дзіцячай працы парушыла права на жыцьцё дзіцяці.
«Наша мэта і мэта бацькоў — каб гэтая справа ўвайшла ў гісторыю, каб рашэньне па справе Вікі Папчэні ў будучыні знаходзілася ў кожнай школе і астуджала гарачыя галовы чыноўнікаў ад адукацыі, якія надумаюцца адправіць школьнікаў на калгасныя палі. Пасьля таго як КПЧ ААН вынесе рашэньне, мы будзем дамагацца яго імплемэнтацыі на заканадаўчым узроўні — каб у Беларусі наўпрост забаранілі дзіцячую працу», — падкрэсьліў праваабаронца.