Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе кветкі ад прэм’ера і прэзыдэнта выкінулі ў сьметніцу


Маніфэстацыя ў Празе з патрабаваньнем адстаўкі прэмхкра Бабіша
Маніфэстацыя ў Празе з патрабаваньнем адстаўкі прэмхкра Бабіша

У Празе грамадзянскія актывісты ў Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю правялі акцыю супраць кіраўніка ўраду Андрэя Бабіша. 17 лістапада штогод адзначаецца як дзень масавых выступаў супраць камуністычнага рэжыму. У 1989 году грамадзянскія акцыі прывялі да Аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне.

Сёлетнія сьвяткаваньні 29 угодкаў аксамітнай рэвалюцыі спалучыліся ў Чэхіі з масавымі акцыямі пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі прэм'ер-міністра краіны Андрэя Бабіша. Тысячы людзей сабраліся на Старамесцкай плошчы ў Празе з плякатамі «У адстаўку!», «Сыдзі, сатана!» і г.д.

Сёньня ў першыя хвіліны пасьля паўночы, прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш ўсклаў кветкі да мэмарыяльнай пліты на вуліцы Народнай. Там жа былі ўскладзеныя кветкі і ад прэзыдэнта краіны Мілаша Зэмана. Бабіш неўзабаве пасьля цырымоніі паляцеў у Швэйцарыю да свайго сына, з-за паказаньняў якога ў краіне некалькі дзён не аціхае палітычны скандал.

Як паведамляе выданьне Ceske Noviny, бліжэй да раніцы ля мэмарыялу зьявіліся некалькі пратэстоўцаў, якія выкінулі ў сьмецьцевы бак кветкі, прынесеныя Бабішам, а таксама ўскладзеныя ад імя прэзыдэнта Зэмана.

Паліцыя пачала расьсьледаваньне дзеяньняў грамадзянскіх актывістаў. Прадстаўнік прэзыдэнта Іржы Оўчачак назваў дэманстрантаў, якія выкінулі кветкі, фашысцкай зграяй.

Частка апазыцыйных палітыкаў падтрымала дэманстрантаў, якія выкінулі кветкі, сьцьвярджаючы, што такім чынам людзі выказваюць сваё расчараваньне дзеяньнямі ўрада.

У мінулы чацьвер сэнат Чэхіі прыняў рэзалюцыю з заклікам да прэмʼер-міністра Андрэя Бабіша сысьці ў адстаўку. Гэта зьвязана са скандалам вакол сына прэмʼер-міністра, які заявіў, што леташняй восеньню бацька распарадзіўся гвалтоўна вывезьці яго ў Крым, каб схаваць ад карупцыйнага расьсьледаваньня.

Бабіш-малодшы разам з бацькам і некалькімі іншымі членамі сямʼі фігуруюць у справе аб махінацыях са сродкамі ЭЗ. Цяпер сын прэмʼера знаходзіцца ў Швэйцарыі са сваёй маці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG