Турэччына абвергла паведамленьні амэрыканскага тэлеканалу NBC, што ЗША могуць выдварыць з краіны ісламскага прапаведніка Фэтхулаха Гюлена, каб прымусіць Турэччыну замарозіць расьсьледаваньне забойства журналіста Джамаля Хашокджы ў Савудаўскім консульстве ў Стамбуле.
Анкара лічыць Гюлена арганізатарам спробы перавароту ў Турэччыне і дамагаецца ягонай экстрадыцыі на працягу двух гадоў. Інфармацыю аб ягонай магчымай экстрадыцыі адмаўляюць і амэрыканцы.
Амэрыканскае тэлебачаньне NBC у чацьвер паведаміла, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа шукае шляхі, каб вытурыць Гюлена з ЗША і пераканаць прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана аслабіць ціск на Савудаўскую Арабію за забойства Хашокджы.
Анкара адмаўляецца зьвязваць дзьве справы, піша ў пятніцу Reuters. «Турэччына ніколі не прапаноўвала прытармазіць расьсьледаваньне справы Хашокджы ў абмен на дэпартацыю Гюлена. Мы ня маем намеру ўмешвацца ў расьсьледаваньні забойства Хашокджы ў абмен на палітычныя ці юрыдычныя паслугі», — цытуе Reuters неназванага высокапастаўленага турэцкага чыноўніка.
Прэзыдэнт Турэччыны Эрдаган лічыць, што загад аб забойстве Хашокджы паступіў з самага высокага ўзроўню савудаўскай каралеўскай сям’і. Вашынгтон абвясьціў у чацьвер, што мае намер увесьці санкцыі супраць сямнаццаці савудаўцаў, нібыта замяшаных у забойстве. Гэтыя санкцыі, аднак, ня тычыцца нікога з ураду ў Рыядзе, які зьяўляецца важным для амэрыканскай эканомікі і бясьпекі саюзьнікам, папярэджвае Reuters.
Эрдаган паўторна запатрабаваў, каб Вашынгтон выдаў Гюлена, які адмаўляе якую-кольвечы датычнасьць да спробы перавароту ўлетку 2016. У Злучаных Штатах ён жыве ад 1999 году, амэрыканскія афіцыйныя асобы сьцьвярджаюць, што суду для магчымай высылкі 77-гадовага прапаведніка недастаткова доказаў.
Паведамленьні, што адміністрацыя ЗША можа зрабіць выбар на карысьць саступкі Турэччыне і выдаць Гюлена, у чацьвер аспрэчылі і самі амэрыканцы.
«Ад турэцкага ўраду мы атрымалі некалькі запытаў, зьвязаных з Гюленам. Мы працягваем вывучаць прадстаўленыя матэрыялы», — сказала прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Хізэр Наўэрт.