Казахстанскі бок на турыстычнай выставе, якую наведалі на мінулым тыдні прэзыдэнты Казахстану і Расеі, папрасіў зьмяніць іх маршрут такім чынам, каб яны не праходзілі міма стэнду з выявай крымскага мосту.
Пра такую заяву Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, паведамляе агенцтва «РИА-Новости».
«Гэта было жаданьне нашых казахстанскіх калегаў, каб маршрут праходу кіраўнікоў дзяржаваў абмінуў гэты стэнд, такое сапраўды (было)» — пракамэнтаваў Пяскоў публікацыю ў газэце «Московский комсомолец». Паводле газэты, казахстанскі бок адмовіўся ўзгадняць пешы маршрут кіраўніка дзяржавы міма стэнду з выявай крымскага мосту праз тое, што Казахстан не прызнаў далучэньне Крыму да Расеі.
У пятніцу прэзыдэнты Казахстану Нурсултан Назарбаеў і Расеі Ўладзімір Пуцін і агледзелі ў казахстанскім Петрапаўлаўску турыстычную выставу «Новыя падыходы і тэндэнцыі разьвіцьця турызму Расеі і Казахстану».