Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для абвінавачаных у „справе AbzasMedia“ запыталі 11-12 гадоў пазбаўленьня волі. Сярод фігурантаў журналіст Свабоды


Фарыд Мэхралізадэ перад адным з судовых паседжаньняў
Фарыд Мэхралізадэ перад адным з судовых паседжаньняў

20 траўня пракурор запатрабаваў пакараньня для журналістаў, абвінавачаных у так званай „справе AbzasMedia“.

Суд запытаў 12 гадоў пазбаўленьня волі для дырэктара AbzasMedia Ульві Хасанлі, журналіста Хафіза Бабалі і журналіста Радыё „Свабодная Эўропа»/Радыё ‚Свабода’ Фарыда Мэхралізадэ, а таксама 11 гадоў пазбаўленьня волі для галоўнага рэдактара выданьня Сэвінджа Вагіфкізі, яго каардынатара Махамэда Кекалава і журналістак Наргіз Абсаламавай і Эльнары Гасімавай.

Таксама прасілі пазбавіць абвінавачаных права займаць пасады з матэрыяльнай і маральнай адказнасьцю на працягу 3 гадоў.

Адвакатам далі час да 10 чэрвеня, каб прадставіць свае аргумэнты.

Прадстаўнік Дзяржаўнай падатковай службы прасіў задаволіць грамадзянскі пазоў у памеры 64 000 манатаў (гэта амаль 33,5 тысячы эўра).

Пракурор прапанаваў сканфіскаваць аўтамабіль Фарыда Мэхралізадэ, 40 000 эўра, нібыта знойдзеныя на сядзібе AbzasMedia, і больш за 20 000 манатаў (каля 10,5 тысяч эўра) на банкаўскіх рахунках журналістаў.

Арышты на ‚AbzasMedia’ пачаліся 20 лістапада 2023 году. У той дзень былі затрыманыя дырэктар выданьня Ульві Гасанлі і каардынатар Махамэд Кекалаў, а ў іх дамах і рэдакцыі выданьня былі праведзены ператрусы. Паведамлялася, што ў рэдакцыі знайшлі 40 000 эўра. Гасанлі заяўляў, што грошы падкінулі самі сілавікі.

22 лістапада таго ж году галоўнага рэдактара Сэвінджа Вагіфкізі затрымалі адразу пасьля высадкі з самалёта па дарозе ў краіну, а ў тую ж ноч у яго доме правялі ператрус.

У канцы лістапада былі арыштаваныя журналісткі Наргіз Абсаламава, затым Хафіз Бабалі, Эльнара Гасімава, а ў траўні летась — Фарыд Мэхралізадэ.

Агулам сем журналістаў, арыштаваных у гэтай справе, абвінавачваюцца ў кантрабандзе, незаконным прадпрымальніцтве, легалізацыі маёмасьці, атрыманай злачынным шляхам, ухіленьні ад выплаты падаткаў і іншых артыкулах.

Гэтыя абвінавачванні прадугледжваюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 12 гадоў.

За апошнія паўтара года ў Азэрбайджане ў абвінавачваньні ў кантрабандзе было арыштавана больш за 30 журналістаў і грамадзкіх дзеячоў. Ня ўсе зь іх згодныя з абвінавачваньнем, сьцьвярджаючы, што іх пакаралі на палітычны загад за іх прафэсійную дзейнасьць.

Згодна зь сьпісамі, падрыхтаванымі мясцовымі праваабарончымі арганізацыямі, у турмах Азэрбайджана ў цяперашні час утрымліваюць каля 350 палітычных зьняволеных.

Чыноўнікі ж заяўляюць, што ў краіне няма арыштаў па палітычных матывах. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША і група заходніх дыпляматаў у Баку заклікалі ўрад вызваліць несправядліва затрыманых і спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці.

Перасьлед Фарыда Мэхралізадэ

Зьняволены журналіст Фарыд Мэхралізадэ ў час паказаньняў у судзе заявіў, што яго перасьледуюць за эканамічныя дасьледаваньні і аналітыку, якія выходзілі на сайце Азэрбайджанскай службы Радыё Свабода. Паводле яго слоў, сьледчыя ўключылі яго ў крымінальную справу, зьвязаную з Abzas Media, паводле ілжывых абвінавачаньняў.

‚Яны, напэўна, падумалі, што ў нас ужо ёсьць гатовая крымінальная справа, давайце дадамо гэта, і рухаемся далей. Пракуратура таксама дала мне ‚пасаду’ ў Abzas Media, нібыта я быў там эканамічным экспэртам, працаваў у рэдакцыі. Абодва гэтыя сьцьвярджэньні ілжывыя“, — заявіў Мэхралізадэ на судовым паседжаньні раней.

Мэхралізадэ сказаў, што расказвае пра рэаліі эканамічнай сытуацыі ў краіне і прадстаўляе іх з канкрэтнымі лічбамі. Так, паводле яго слоў, той факт, што 90 адсоткаў экспарту краіны і 50 адсоткаў даходаў бюджэту забясьпечваецца нафтагазавым сэктарам, стварае сур’ёзныя рызыкі для Азэрбайджану. Або апублікаваныя лічбы беспрацоўя і беднасьці ў 5% не адлюстроўваюць рэчаіснасьці, і гэта было даказана альтэрнатыўнымі разьлікамі.

За той час, які журналіста Свабоды ўтрымліваюць за кратамі, у яго нарадзілася дзіця, якое яшчэ ня бачыла таты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG