Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане на 18 гадоў асудзілі навукоўца — стрыечнага брата беларускага коміка


Ікбал Абілаў
Ікбал Абілаў

Мужчына атрымаў адукацыю ў Беларусі і займаўся дасьледаваньнямі гісторыі свайго народу — талышоў — якія зазнаюць у Азэрбайджане моцнага ціску.

Ікбал Абілаў, галоўны рэдактар часопісу „Talış Milli Akademiyası“ („Навіны Талыскай нацыянальнай акадэміі“), дасьледчык, асуджаны на 18 гадоў пазбаўленьня волі.

Судзьдзі Ленкаранскага суду ў цяжкіх злачынствах вынесьлі такі прысуд 20 траўня. Мужчына быў прызнаны вінаватым па артыкулах 274 (дзяржаўная здрада), 281 (адкрытыя заклікі супраць дзяржавы) і 283 (падбухторваньне да нацыянальнай, расавай або рэлігійнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу, піша азэрбайджанская служба Свабоды.

Абілаў, які далучыўся да судовага пасяджэньня ў рэжыме онлайн з Баку — сьледчага ізалятару ў пасёлку Курдахані, дзе ён утрымліваецца, — вымавіў сваё апошняе слова перад абвяшчэньнем прысуду. Гісторык падкрэсьліў, што ўсе абвінавачваньні супраць яго беспадстаўныя, і ён ужо доўгі час знаходзіцца ў турме безь якіх-небудзь доказаў. Ён заявіў, што дасьледаваў мову і культуру талышоў, і назваў абвінавачваньні ў спробе распальваньня варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы абсурднымі, патрабуючы апраўданьня.

Адвакаты дасьледчыка паведамілі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што яны будуць абскарджваць прысуд.

Ікбал Абілаў абвінавачваецца ў супрацы з армянскімі спэцслужбамі, дзеяньнях па іх указаньнях з мэтай распальваньня міжнацыянальнай нянавісьці і варожасьці ў Азэрбайджане і распаўсюдзе мэтанакіраваных матэрыялаў праз сваю старонку ў сеціве.

Зь дзяцінства да арышту ён жыў у Беларусі з членамі сям'і, пэрыядычна езьдзячы ў Азэрбайджан. Паводле слоў сваякоў, апошні раз ён быў на вясельлі стрыечнага брата ў ліпені мінулага году, але па вяртаньні яго затрымалі ў аэрапорце і забаранілі выяжджаць з краіны. Празь некалькі дзён яго арыштавалі супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бясьпекі.

Ікбал Абілаў — галоўны рэдактар «Навін Талыскай нацыянальнай акадэміі“, друкаванага органу віртуальнай „Талыскай нацыянальнай акадэміі“. На сайце публікуюцца прыклады талыскага фальклёру, неапублікаваныя гістарычныя дакумэнты і дасьледаваньні, зьвязаныя з талышамі.

Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсітэт са ступеньню бакаляўра па міжнародных адносінах у 2012 годзе і магістра ў 2013 годзе. У 2016 годзе паступіў у асьпірантуру таго ж унівэрсытэту.

Ягоны стрыечны брат Ідрак Мірзалізадэ — вядомы беларускі комік, які цяпер жыве ў эміграцыі ў Эўропе пасьля таго, як у Беларусі і Расеі, дзе ён дозгі час жыў і працаваў, яго абвясьцілі ў вышук.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG