Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнку не патрэбна расейская вайсковая база


Пасьля шэрагу выразных жэстаў у бок Расеі, зробленых цягам чэрвеня-кастрычніка, Аляксандар Лукашэнка апошнія тыдні робіць цэлую чараду крокаў у процілеглы бок. Гэта перамовы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Гомлі, выступ на пасяджэньні Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Менску. І вось 6 лістапада адбылася сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША.

Сам факт, што кіраўнік дзяржавы прымае амэрыканскіх экспэртаў, даволі адметны. Варта зьвярнуць увагу, што ў сустрэчы бралі ўдзел таксама міністар замежных спраў Уладзімер Макей і міністар абароны Андрэй Раўкоў.

Колькі часу таму, пасьля летняга прарасейскага ўхілу ў беларускай замежнай палітыцы, я выказваў думку, што цяпер зыгзагі, амплітуда хістаньня ківача ў вонкавых кроках афіцыйнага Менску стануць мацнейшымі, а выказваньні Аляксандра Лукашэнкі — усё больш супярэчлівымі, у залежнасьці ад аўдыторыі. Так і атрымліваецца.

Падчас саміту СНД 28 верасьня Лукашэнка казаў пра «небясьпекі і выклікі, якія тояць у сабе дзеяньні заходніх дзяржаў і НАТО каля нашых межаў, каля межаў Саюзнай дзяржавы» — і гэтыя небясьпекі і выклікі ён абмяркоўваў з Пуціным.

А вось 6 лістапада на сустрэчы з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША Лукашэнка, паводле БелТА, кажа пра зацікаўленасьць Беларусі ня толькі ў моцнай і адзінай Эўропе, але і ў моцным трансатлянтычным партнэрстве.

«Гэта асноўная апора нашай плянэты, і ня дай бог яе разбурыць. Мы ўпэўненыя, што ад згуртаванасьці краін у рэгіёне і захаваньня вайскова-палітычнай ролі ЗША ў эўрапейскіх справах залежыць бясьпека ўсяго кантынэнту», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

То бок, перакладаючы на зразумелую мову, Менск зацікаўлены ў моцным НАТО на чале з ЗША. Такім чынам, Паўночна-атлянтычны альянс — гэта ўжо ня «страшны монстар», а «асноўная апора нашай плянэты».

Ідзём далей. 4 лістапада, сустракаючыся з жыхарамі пасёлку Балбасава Аршанскага раёну, Лукашэнка апавядаў, што казаў міністру замежных спраў Польшчы:

«Ня трэба ствараць лішнія базы. У адваротным выпадку мы з расейцамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта разьмяшчаць, каб вам процідзейнічаць».

Здаецца, зразумела. Мы з расейцамі «будзем вымушаныя нешта разьмяшчаць». Ніяк па-іншаму трактаваць гэтую фразу нельга, як згоду на зьяўленьне тут расейскай базы ў адказ на амэрыканскую базу ў Польшчы. Менавіта так зразумелі Лукашэнку расейскія мэдыі.

Аднак вось праз два дні Лукашэнка ў размове з амэрыканскімі экспэртамі катэгарычна абвяргае магчымасьць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай базы. «Яна тут не патрэбная... Мы катэгарычна супраць разьмяшчэньня, тым больш базы вайскова-паветраных сіл», — заявіў кіраўнік Беларусі. І патлумачыў гэта дзьвюма прычынамі. Па-першае, «з практычнага пункту гледжаньня ў гэтым няма ніякай неабходнасьці», бо «час падлёту любога самалёта з тэрыторыі Расеі, калі ў гэтым будзе неабходнасьць, — 3–5 хвілін». Па-другое, «мы ў стане выканаць тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя дамовай з Расеяй» — то бок у выпадку вайны беларускія войскі будуць бараніць РФ.

Няма сумневу, што Лукашэнка ня хоча мець расейскую вайсковую базу на беларускай тэрыторыі. Найперш таму, што ён вельмі раўніва ставіцца да пытаньня аб сваёй сувэрэннай уладзе над Беларусьсю. Бо са зьяўленьнем расейскай авіябазы вайсковы сувэрэнітэт краіны стане абмежаваным. У такім выпадку беларуская дзяржава губляе поўны кантроль над сваёй тэрыторыяй у найбольш адчувальнай сфэры — у сфэры абароны. Для аўтарытарнага ўладара, які імкнецца да неабмежаванай улады над гэтай тэрыторыяй, зьяўленьне ў краіне чужога войска, кіраванага з-за мяжы — вельмі непрыемная, непераносная сытуацыя.

Апытаньне НІСЭПД, праведзенае ў 2016 годзе, паказала, што праціўнікаў стварэньня расейскай вайсковай авіябазы ў Беларусі ўдвая больш, чым прыхільнікаў (43% супраць 22%).

Вайсковыя самалёты іншай краіны будуць мець магчымасьць зь беларускай тэрыторыі ажыцьцяўляць баявыя дзеяньні, і ў выпадку якога-небудзь міжнароднага крызісу Расея можа ўцягнуць Беларусь у вайну насуперак жаданьню і нацыянальным інтарэсам краіны. Беларусы стануць закладнікамі вялікадзяржаўных амбіцый РФ — і адначасова мішэньню для ўдару ў адказ.

Акрамя таго, разьмяшчэньне тут расейскай авіябазы ў значнай ступені разбурае ўсю замежнапалітычную канструкцыю Беларусі як краіны-міратворцы, якую беларускае кіраўніцтва будавала апошнія гады пасьля Крыму. Падвіснуць усе запэўніваньні Лукашэнкі, што зь беларускай тэрыторыі ня будзе ваеннай пагрозы Ўкраіне.

Дзяржаўныя мэдыі даводзяць насельніцтву, што дзякуючы дзяржаўнай мудрасьці Лукашэнкі Беларусь не ўцягнулася ў расейска-ўкраінскі канфлікт, у вайскова-палітычную канфрантацыю Расеі з Захадам. А ў выпадку зьяўленьня тут базы Беларусь самым непасрэдным чынам будзе ўцягнутая ў вайскова-палітычную канфрантацыю Расеі з Захадам, ператворыцца ў пярэдні край патэнцыйнага гарачага канфлікту, у верагодную мішэнь для адказу з боку НАТО.

Усё гэта так. Толькі ёсьць верагоднасьць, што падчас сустрэчы зь якім-небудзь расейскім дзеячам Лукашэнка пачне запэўніваць у цьвёрдым намеры Беларусі выканаць свой саюзьніцкі абавязак у супрацьстаяньні падступнаму НАТО. Ківач рухаецца няспынна. І невядома, дзе і калі ён спыніцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG