Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС назваў фэйкам інфармацыю пра бунт у папраўчай калёніі пад Івацэвічамі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў абвергла інфармацыю пра бунт асуджаных у папраўчай калёніі № 22 у Івацэвіцкім раёне. Інфармацыя пра тое, што ў ноч з 3 на 4 лістапада там былі хваляваньні, зьявілася ў vk-суполцы «Беларуская турма».

Паводле МУС, а 22-й гадзіне 3 лістапада група асуджаных не выканала каманду адбой і знаходзілася на «лякальным участку». Пра парушэньне рэжыму паведамілі кіраўніцтву ўстановы. Пасьля размовы асуджаныя выканалі патрабаваньні адміністрацыі. Праводзіцца праверка.

У калёніі чулі крыкі

Маці аднаго зь вязьняў, якая была ў калёніі зь пятніцы да панядзелка на спатканьні з сынам, паведаміла Свабодзе, што жыла ў асобным памяшканьні на тэрыторыі калёніі, але чула незвычайныя крыкі.

«Увечары суботы раптам мы пачулі шматгалосныя крыкі, як крычаць на стадыёне. Потым сьціхла, потым зноў. Крычалі ў 22.20 пасьля адбою. Мы зьдзівіліся. Потым чулі, як па тэрыторыі міма нас правялі службовых сабак, пасьля ехала тэхніка.

Потым да панядзелка была цішыня, але вязьні сказалі, што кагосьці з начальнікаў адхілілі, камандуюць новыя, зь Берасьця», — сказала жанчына, якая папрасіла не называць яе імя.

Калі бунтавалі, то чаму?

Частка вязьняў выставіла патрабаваньні да адміністрацыі калёніі — спыніць перадузятае стаўленьне да асуджаных паводле 328 артыкулу Крымінальнага кодэксу, паведаміла Свабодзе лідарка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Актывісткі руху «Маці 328» дасылалі пэтыцыю кіраўніку дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Алегу Маткіну, але ніякіх захадаў зроблена не было. Маткіна чакалі ў калёніі 4 лістапада, але «ён не прыехаў», піша інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.

Паводле Андрэя Бандарэнкі, пратэст быў зьвязаны зь ліквідацыяй падпольнага казіно ў калёніі, пасьля чаго зьняволеных сталі караць за дробныя парушэньні. Пратэставалі ня ўсе вязьні, «гаворка пра некалькіх чалавек», — сказаў Бандарэнка Эўрарадыё.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG