«Уручаючы Хіросімскую прэмію Беларускаму ПЭНу, мы хочам праліць сьвятло на куток Эўропы, які занадта часта замоўчваюць, і прыцягнуць міжнародную ўвагу да іх мужнай працы перад абліччам цэнзуры і перасьледу. Нястомнасьць арганізацыі ў абароне і папулярызацыі беларускай мовы і культуры супрацьстаіць агрэсіўнай палітыцы русіфікацыі і дае жыцьцёва важную падтрымку дыяспары, якая імкнецца заставацца зьвязанай з сваімі культурнымі і моўнымі каранямі», — адзначаецца ў заяве аргкамітэту.
Уручэньне прэміі, якое арганізаваў ПЭН Швэцыі, адбылося 15-16 кастрычніка ў Стакгольме.
«Для нас гэта ня проста ўзнагарода. Гэта — знак салідарнасьці і веры ў слова, якое ратуе і зьберагае чалавечую годнасьць», — сказала на цырымоніі старшыня Беларускага ПЭНу Тацьцяна Нядбай.
«Беларусь мае сваю Хіросіму — культурную і чалавечую.
У беларускай гісторыі ёсьць вельмі няшмат і нядоўгіх пэрыядаў, калі мы мелі дзяржаву, якая прыхільна ставілася да нашай культуры.
Але 2020 год стаў яшчэ адной трагічнай кропкай, калі беларусы абурыліся гвалтам, несправядлівасьцю і хлусьнёй, а рэжым у адказ запусьціў кола рэпрэсій, катаваньняў, цэнзуры, турмаў і выгнаньня.
Сёньня мы сьведчым, што беларуская культура ня мае сваёй дзяржавы, якая б ёй апекавалася, абараняла, разьвівала.
І разам з тым — наша культура, наша слова, наша мова жыве — насуперак зьнішчэньню», — цытуе Тацьцяну Нядбай Telegram-канал Беларускага ПЭНу.
Хіросімская прэмія ўручаецца з 1990 году. З 19 ляўрэатаў — двое зьвязаныя зь Беларусьсю
У 2015 годзе прэмію ўручылі рэктару і заснавальніку Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатолю Міхайлаву. За тое, што «дзякуючы арганізацыі вышэйшай адукацыі і дасьледаваньняў у Беларусі і Літве ён зрабіў выдатны ўнёсак у прасоўваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закона». А ЭГУ «адкрыў новыя пэрспэктывы для тысяч студэнтаў, дапамагаючы ім зразумець сэнс эўрапейскіх ідэалаў і раскрыць свой прафэсійны патэнцыял».
• Хіросімскі фонд Эдыты і Айры Морыс за мір і культуру створаны ў 1989 годзе. Уручае ўзнагароды людзям і арганізацыям, якія ў культурнай галіне спрычыняюцца да ўмацаваньня дыялёгу, узаемаразуменьня і міру ў зонах канфліктаў.
• Беларускі ПЭН-цэнтар створаны ў 1989 годзе. Як грамадзкае аб’яднаньне зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі ў лістападзе 1990 году, перарэгістраваны ў кастрычніку 1999-га.
9 жніўня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў арганізацыю на пазоў Міністэрства юстыцыі, якое сьцьвярджала, што ПЭН-цэнтар атрымліваў бязвыплатную дапамогу з-за мяжы з парушэньнем парадку яе залучэньня. Раней, 14 ліпеня, сілавікі правялі ператрус у памяшканьні юрыдычнага адрасу арганізацыі. ПЭН-цэнтар паведамляў, што ў дакумэнтах на ператрус фігуравалі справы паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
11 ліпеня 2022 году арганізацыя атрымала рэгістрацыю ў Польшчы пад назвай «Беларускі ПЭН». Старшынёй выбралі літаратарку Тацяну Нядбай, якая ўзначальвала ПЭН-цэнтар у 2017–2019 гадах. У склад рады арганізацыі ўвайшлі ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2015 году Сьвятлана Алексіевіч (кіравала ПЭН-цэнтрам у Беларусі з 2019 году да прымусовага закрыцьця), філёзафка Вольга Шпарага, паэты Юлія Цімафеева, Андрэй Хадановіч і іншыя.
Форум