Прадстаўнікі незалежных моладзевых арганізацый, якія, у адрозьненьне ад БРСМ, не карыстаюцца бюджэтнымі сродкамі і за якія не агітуюць настаўнікі ў школах, расказалі Свабодзе, як яны папаўняюць свае шэрагі.
«Малады фронт»
Грамадзкае аб’яднаньне «Малады фронт» аб’ядноўвае маладых людзей на падставе нацыянальнай ідэі і хрысьціянска-дэмакратычных прынцыпаў. Завецца міжнароднай арганізацыяй, бо рэгістрацыю атрымала ў Чэхіі, а 5 спробаў зарэгістравацца ў Беларусі былі няўдалымі.
«Малады фронт» заснаваны ў 1997 годзе. У сакавіку 2006-га стаў арганізатарам намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, браў актыўны ўдзел і ў мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Тагачасны лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч пасьля мітынгу адбыў 2 гады ў калёніі і быў прызнаны палітвязьнем.
У канцы 2017 году старшынём «Маладога фронту» выбралі былога палітвязьня Яўгена Васьковіч, які жыве ў Бабруйску.
Васьковіч расказаў Свабодзе, што цяпер у арганізацыі 14 актыўных сяброў (сябры сойму і старшыня), а прыхільнікаў — сотні.
«Дзеяздольнасьць арганізацыі вызначаецца ня колькасьцю сяброў, а іх актыўнасьцю. У нас цяпер ідуць дыскусіі пра тое, на што скіраваць сваю актыўнасьць».
Цягам некалькіх гадоў ужо склалася традыцыя, паводле якой маладыя людзі, якія вырашылі ўступіць у «Малады фронт», разам з іншымі чальцамі арганізацыі едуць у Слуцак на чарговыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну і там перад сябрамі даюць клятву на вернасьць Беларусі. Ад той прысягі яны лічацца сябрамі «Маладога фронту». Сёлета ўрачыстая прысяга ў Слуцку заплянаваная на 29 лістапада. Мяркуецца, што ў арганізацыю ўступяць некалькі маладых абаронцаў Курапатаў.
«Моладзь БНФ»
«Моладзь БНФ» — моладзевае крыло Партыі БНФ з уласнай палітычнай структурай, дзейнічае з 2005 году, аб’ядноўвала ў лепшыя часы каля 1 тысячы актыўных сяброў і прыхільнікаў. Адстойвае каштоўнасьці беларускага нацыяналізму і дэмакратыі.
Лідэрамі арганізацыі былі Алесь Каліта, Франак Вячорка, Кацярына Маркоўская, Андрэй Крэчка, Юрась Лукашэвіч, Ганна Сьмілевіч. З восені 2018 году на чале арганізацыі стаіць Дзяніс Мандзік.
Актывісты «Моладзі БНФ» бралі ўдзел ва ўсіх палітычных кампаніях апазыцыі апошніх 13 гадоў, некаторыя зь лідэраў, як Юрась Лукашэвіч і Ганна Сьмілевіч, за сваю грамадзкую актыўнасьць зазналі рэпрэсіі з боку адміністрацыі навучальных устаноў і былі адлічаныя.
У кастрычніку актывісты «Моладзі БНФ» правялі ў Менску акцыю пратэсту супроць дзедаўшчыны ў войску, якую спыніла міліцыя. Старшыню «Моладзі БНФ» Дзяніса Мандзіка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі суд аштрафаваў на 30 базавых велічынь.
Паводле Дзяніса, за два апошнія месяцы ў арганізацыю ўступіла больш за 100 новых сяброў, у асноўным у Менску, Горадні і Гомлі, а ўсяго ў «Моладзі БНФ» каля 400 актыўных сяброў і больш за тысячу прыхільнікаў.
«Уступаюць, бо бачаць у нас альтэрнатыву таму ж БРСМ, што ў нас можна заяўляць пра свае апазыцыйныя погляды і ня быць выключаным за гэта. А асноўная наша мэта ў тым, каб стаць пляцоўкай, дзе моладзь можа самарэалізавацца», — расказаў Свабодзе старшыня «Моладзі БНФ» Дзяніс Мандзік.
Абавязковых грашовых унёскаў у арганізацыі няма. «Трымаемся на добраахвотных унёсках», — сказаў Дзяніс.
«Маладыя хрысьціянскія дэмакраты»
«Маладыя хрысьціянскія дэмакраты», — моладзевае крыло незарэгістраванай партыі БХД («Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»). Першы, устаноўчы зьезд МХД адбыўся ў 2010 годзе. Сярод грамадзкіх кампаній, якія праводзіла з таго часу «МХД» найбольш запомніліся «Мы не забудзем», «Стоп спайс», «Абаронім жывёлаў», «Беларусь — у Балёнскі працэс».
Паводле старшыні арганізацыі Марыны Хоміч, у іх каля 300 чальцоў.
«Маладыя людзі даведваюцца пра нашу арганізацыю ад сяброў, з сацсетак, зь іншых крыніц БХД і прыходзяць. Каб уступіць, дастаткова заявы. Нашы суполкі ёсьць ва ўсіх абласных цэнтрах, таксама ў іншых гарадах, такіх як Маладэчна, Бабруйск. Што нас адрозьнівае ад іншых дэмакратычных моладзевых арганізацый? Тое, што мы адстойваем і хрысьціянскія каштоўнасьці, такія як сям’я, што баронім правы моладзі», — расказала Марына Хоміч.
Паводле старшыні «МХД», у арганізацыі няма грашовых унёскаў, «бо няма рэгістрацыі; тройчы спрабавалі, але не рэгіструюць».
«Арт Сядзіба»
«Арт Сядзіба» — культурніцкая пляцоўка і адначасова моладзевая грамадзкая арганізацыя, якая ўтварылася ў 2011 годзе. Аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў беларускамоўных маладых людзей вакол ідэі разьвіцьця сучаснай беларускай культуры.
«Арт Сядзіба» ініцыявала «Дзень вышыванкі», запусьціла праект «вышымаек», зь якіх пачалася хваля папулярнасьці вышыванак. Апошнія дасягненьні «Арт Сядзібы» — кампанія за вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга і арганізацыя сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР каля Опэрнага тэатру ў Менску.
На пляцоўцы «Арт Сядзібы», якая зьмяніла ў Менску ўжо некалькі адрасоў, прайшлі дзясяткі сустрэч зь вядомымі музыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі і літаратарамі, навучальных сэмінараў і прэсавых канфэрэнцый.
Цяпер «Арт Сядзіба» зноў дзейнічае адкрыта на пляцоўцы па адрасе праспэкт Машэрава, 18. Кіраўнік арганізацыі — Алесь Сьнег.
«Нас на нейкіх кіроўных пазыцыях 4-5 чалавек, але валянтэраў каля 50. Прычым узьнікаюць новыя праекты — і зьяўляюцца новыя валянтэры. Ніякіх фармальнасьцяў для ўступленьня ня трэба — прыходзь і займайся тым, што табе да душы. Слухай беларускамоўныя гурты, глядзі беларускія фільмы, займайся моўнымі праектамі, мастацкімі. Нарэшце, проста знаёмся з беларускамоўнымі аднагодкамі. І такіх энтузіястаў шмат. „Арт Сядзіба“ — гэта такая беларускамоўная выспа, якая ўсё пашыраецца», — сказаў пра сяброўства ў арганізацыі Алесь Сьнег.