Сёньня ў Менску фольк-гурт Vuraj прэзэнтуе новы альбом «Літо». Гэта чатыры гады экспэдыцый на Палесьсе і рэкорд збору сродкаў на краўдфандынгу, у запісе альбома ўдзельнічаў намінант на «Грэмі». Свабода паразмаўляла зь лідэрам гурту, фальклярыстам Сержуком Доўгушавым, каб зразумець, чаму варта неадкладна паслухаць палескія посткупальскія сьпевы.
Выключная палеская гаворка
Vuraj — вядомы папулярызатар беларускага фольку. На сёньня гурт існуе ўжо 8 гадоў. Па вэрсіі экспэртаў TuzinFM, альбом «Rajok» стаў найлепшым альбомам 2014 году.
Цягам апошніх чатырох гадоў Сяржук Доўгушаў зьбіраў матэрыял у этнаграфічных экспэдыцыях па розных рэгіёнах беларускага Палесься. Музыкі пераасэнсоўвалі і пераказвалі матэрыял у аўтарскім стылі. Тры гады таму выйшаў дыск «Шэсьць загадак», куды ўвайшлі тры першыя палескія песьні з экспэдыцый. Пасьля Сяржук пачаў паглыбляцца ў гэтую тэму і папулярызаваць палескую гаворку.
«Узяць адну вёску — там можна налічыць 300 песень, там свая мова. Мы сьпяваем менавіта так, як сьпяваюць у гэтых мясцовасьцях, але на аснове гэтага фальклёру мы робім свой матэрыял. Застаецца і мэлёдыя, і тэкст, і сэнс, але мы робім кожны твор як сымфонію. Да альбома мы прыклалі арыгінальныя тэксты», — распавядае Сяржук.
Дасьледаваньнем аўтэнтычных палескіх гаворак займаўся ўсё жыцьцё мовазнаўца, гісторык Фёдар Данілавіч Клімчук. Ён запісаў гаворкі соцень паселішчаў Берасьцейскай вобласьці, а таксама пераклаў на гаворку свайго роднага сяла Сіманавічы Новы Запавет ды творы Гамэра, Талстога і Гогаля. Цяпер зьбіраюць сродкі, каб выдаць увесь Новы Запавет у ягоным перакладзе на палескую гаворку.
Гурт, які робіць фольк вялікім ізноў
У пошуках сьпеўнага матэрыялу музыкі пазнаёміліся з этнографам Ірынай Мазюк. Яна і падштурхнула да першай экспэдыцыі. Па яе словах, фальклёр лепш адчуваеш тады, калі знаходзіш яго самастойна.
«Ня раз нам казалі, што мы — мосьцік, празь які людзі прыходзяць да фальклёру. Ня кожны проста так будзе слухаць запіс народных сьпеваў», — заўважае Сяржук.
«Літо» — гэта цыкл абрадавых песень на Палесьсі, заходнепалескія посткупальскія сьпевы ў аўтарскіх пераасэнсаваньнях.
«На Палесьсі можна проста сказаць „Літо“ замест „Засьпявайце якую-небудзь абрадавую песьню“. І палешукі сьпяваюць „літо“ — цыкль летніх жніўных песень. Гэтыя песьні адны з самых старадаўніх, яшчэ дахрысціянскіх часоў, мінорныя, нават дзесьці дэпрэсіўныя», — кажа лідэр гурту.
Сынтэз сучаснасьці і даўніны
Ужо трэці год Сяржук Доўгушаў возіць у Менск бабуль і дзядуль зь вёсак, каб зладзіць палешукам сьвята, а менчукам — даць рэдкую магчымасьць пачуць і прасьпяваць народныя песьні з носьбітамі беларускай традыцыі. Абрадавую песьню «Да дай Божэ цёпла лето» Vuraj запісаў сумесна з народным ансамблем «Вытокі». Калектыў паходзіць зь вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёну.
«Гэта ўнікальная вёска, бо традыцыя народных сьпеваў трымаецца там дагэтуль. Самыя старыя адыходзяць, прыходзіць новае пакаленьне. Калі мы пасьлядоўнікі і экспэрымэнтатары, то яны нясуць і ўвасабляюць традыцыйнасьць. Атрымліваецца такі сынтэз сучаснасьці і даўніны», — падкрэсьлівае лідэр гурту.
Гукарэжысэр альбома — намінант на «Грэмі»
Запіс, зьвядзеньне і мастэрынг рабілі ў адной з найлепшых польскіх студый «TRstudio» каля Варшавы і ў студыі Everest у Менску.
Саўнд-прадусарам альбома выступіў вядомы польскі гукарэжысэр Томаш Рагула — намінант на прэмію Амэрыканскай акадэміі гуказапісу «Грэмі». Ён запісваў шмат вядомых эўрапейскіх зорак, сярод якіх і беларускі гурт «Троіца».
«Зь ім было цікава паэкспэрымэнтаваць. Наша скрыпачка грала ў мікрафон, у які сьпяваў Фрэдзі Мэрк’юры (але гэта не паўплывала на гук)», — узгадвае Сяржук.
Рэкорд краўдфандынгу
Альбом запісалі дзякуючы падтрымцы на краўд-пляцоўцы Ulej.by. За два месяцы гурт сабраў 116% ад неабходнай сумы (10 088 рублёў) і ўвайшоў у топ найбольш пасьпяховых музычных праектаў на пляцоўцы.
«Нас нават паклікалі на Ulej.by распавесьці, як нам удалося гэта зрабіць», — кажа Сяржук.
Пасьля канцэрту Vuraj на доўгі час возьме паўзу.
Паслухаць альбом можна на музычнай плятформе Bandcamp.