Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта мая Радзіма, і яе трэба называць правільна». Цымбалістка Насьця Ванеева пра выступ на расейскім тэлешоў. ВІДЭА


Насьця Ванеева
Насьця Ванеева

11-гадовая цымбалістка са Смаргоняў ня вельмі задаволеная сваёй нечаканай папулярнасьцю. Пра гэта і ня толькі яна распавяла карэспандэнтам Свабоды.

Насьця Ванеева стала вядомай на ўсю Беларусь 1 красавіка, калі расейскі Першы канал паказаў яе выступ у адным з тэлешоў. Вядучы Максім Галкін прадставіў Насьцю як музыку зь «Белоруссии», але тая запярэчыла. «Правільна казаць „зь Беларусі“», — сказала яму дзяўчынка.

«Цымбалы — вельмі прыгожы інструмэнт, — кажа Насьця Свабодзе. — Прыгожы, звонкі. Такі беларускі проста».

Дзяўчынка займаецца музыкай пяць гадоў. Ходзіць у клясу цымбалаў смаргонскай музычнай школы імя Агінскага. Там нас сустракаюць словамі пра тое, што ад самага ранку няма адбою ад журналістаў.

«Звоняць і звоняць, нават у Канадзе бачылі пра нашу Насьцю», — кажа настаўніца музыкі Вольга Анатолеўна.

Насьця разам са сваёй настаўніцай
Насьця разам са сваёй настаўніцай

​Насьця неаднойчы ўдзельнічала ў конкурсах, аднак знакамітай прачнулася 2 красавіка 2018 году. Ня столькі праз валоданьне сваім інструмэнтам, колькі праз размову на роўных з расейскай зоркай Максімам Галкіным.

«Прыехалі туды, там рэпэтыцыі, здымкі. Я хвалявалася, — кажа Насьця пра свой візыт у Маскву на Першы канал. — Але потым неяк дала рады і ўжо не хвалявалася. Я часта выступаю... А гэты момант з Галкіным... Я не спрачалася зь ім, проста падправіла. Каб правільна называў краіну, у якой я жыву».

Насьця кажа, што на цымбалах грае самую розную музыку. Любіць і народныя мэлёдыі, і клясыку. Больш за іншае ёй падабаецца граць польку. Да сваёй нечаканай папулярнасьці Насьця ставіцца неадназначна.

«Я бачыла ў інтэрнэце ролік, — кажа яна. — Але стаўлюся да гэтага па-рознаму. Мне ня вельмі падабаецца гэты шум. Падабаецца, што пішуць пра тое, як я граю. А вось наконт таго, што я яго паправіла, — ня вельмі. Я не хацела рабіць на гэтым акцэнт. Хацела толькі, каб мяне правільна аб’явілі. Увогуле ня думала, што гэты момант пакажуць... Я тут нарадзілася, гэта мая Радзіма, і яе павінны правільна называць».

Прывезеная з Масквы ўзнагарода
Прывезеная з Масквы ўзнагарода

Ад Галкіна ў Насьці Ванеевай таксама засталіся неадназначныя ўражаньні.

«У прынцыпе, ён нядрэнны, — кажа беларуска. — Аднак вельмі шмат жартаваў і перабіваў мяне... Потым пагадзіўся, што правільна гаварыць «Беларусь».

Насьця ня ведае, ці зьвяжа сваё жыцьцё з музыкай. «Яшчэ так шмат усяго», — кажа яна. Але калі працягне займацца, то хацела б граць на цымбалах. У канцы красавіка паедзе ў Менск на чарговы конкурс, дзе спадзяецца заняць першае месца.

Маці Насьці са Смаргоняў: «Яна ня першы раз выпраўляе вядоўцаў, такое ўжо здаралася ва Ўкраіне»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG