Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгушаў сышоў зь філярмоніі і зьехаў у Варшаву. Але будзе працягваць «Сьпеўныя сходы»


Сяржук Доўгушаў
Сяржук Доўгушаў

Сьпявак, музыка, заснавальнік гурту Vuraj і арганізатар папулярных «Сьпеўных сходаў» Сяржук Доўгушаў пакінуў Беларускую дзяржаўную філярмонію, зь якой быў зьвязаны апошнія восем гадоў.

Фармальнай падставай для службовага разбору сталі дзьве вымовы за нявыхад на месца працы 14 і 16 красавіка, хоць гэта былі выходныя дні.

Сам ён кажа, што напісаў заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне, аднак насамрэч быў пастаўлены перад выбарам — або звальненьне па «артыкуле», або добраахвотнае разьвітаньне.

Стажыроўка як падстава для звальненьня

Яшчэ летась Сяржук Доўгушаў выйграў паўгадавую стыпэндыю Gaude Polonia Міністэрства культуры Польшчы і ад пачатку лютага стажыруецца ў Варшаве. У ліпені навучаньне заканчваецца, давядзецца шукаць новае месца працы.

«Наогул пытаньне можна было вырашыць станоўча для абодвух бакоў, — сказаў ён Свабодзе. — У свой час адбылося паседжаньне філярманічнай рады, разглядалі, як абставіць, каб я паехаў на стажыроўку, на падвышэньне кваліфікацыі. Маўляў, вучыся — адно што гэта будзе як адпачынак за свой кошт. Карацей, нібыта вырашылі, што да лета адпускаюць. Але потым у тэрміновым парадку ўсё пачалі адкручваць назад, і варыянты засталіся два: ці я сам звальняюся, ці звольняць мяне... Раніцай падпісаў паперу аб звальненьні на ўласнае жаданьне і зьехаў у Варшаву».

Сяржук Доўгушаў (Фота з суполкі facebook.com/speunyshod)
Сяржук Доўгушаў (Фота з суполкі facebook.com/speunyshod)

Паводле Доўгушава, сытуацыя зь ягонай філярманічнай працай шмат разоў мянялася. То прасілі, каб зь Міністэрства культуры Польшчы даслалі пацьверджаньне на імя дырэктара філярмоніі. То аддзел кадраў ня мог зразумець ягоны статус і патрабаваў вызначыцца, у Варшаве ён будзе працаваць ці ў Менску. І ўвесь гэты час, што жыў на дзьве краіны, за ім не пераставалі наглядаць, выклікаў на дыван галоўны ідэоляг.

«Пільнавалі моцна, — працягвае артыст. — Не расьпісаўся ў журнале — вымова. Перад 25 сакавіка папярэдзілі, каб ня быў дзе ня трэба, будуць праблемы. Рэгулярна выклікаў ідэоляг, абураўся: яму тэлефануюць, папракаюць, што я зноў засьвяціўся ў кампаніі „нядобранадзейных элемэнтаў“. Натуральна, я для іх быў чужародны. Цяпер усё прасьцей... Крыўдна, бо філярмонія, Мінкульт маглі ўсё павярнуць сабе на карысьць. Тое, што паехаў вучыцца, што выбралі сярод столькіх прэтэндэнтаў на стыпэндыю — гэта ж на карысьць беларушчыны, гонар для Беларусі. Не, вырашылі зусім інакш».

Сяржук Доўгушаў
Сяржук Доўгушаў

Жыцьцё і творчасьць на дзьве краіны

Намесьнік генэральнага дырэктара філярмоніі па ідэалягічнай працы, сацыяльных, прававых і кадравых пытаньнях Казімір Шэўчык адмовіўся агучыць пазыцыю ўстановы, сказаўшы, што тэма вычарпаная і наагул гэта ўнутраная справа калектыву.

Паводле Сяржука Доўгушава, бліжэйшыя два месяцы ён яшчэ будзе стажыравацца, а пасьля нічога не застанецца, як асвойваць фрылансэрства. «Сьпеўныя сходы» пры гэтым застаюцца ў ранейшым фармаце, як і дзейнасьць гурту Vuraj.

«Сьпеўныя сходы» будуць адбывацца, — запэўнівае Доўгушаў. — Як і абяцаў, раз на месяц дзеля гэтага маю прыяжджаць у Беларусь. Бліжэйшы збор заплянаваны на 19 траўня. Рыхтуем альбом з Vuraj, але выглядае, што цяпер будзе больш канцэртаў у Польшчы. Наагул у Варшаве я ад лютага, у Менску толькі наездамі. Стажыроўка завяршаецца ў ліпені. Па вялікім рахунку, заставаліся два месяцы, і я мог зноў працаваць у філярмоніі. Паўтаруся, адразу кіраўніцтва на гэта пайшло, але раптам пачаліся незразумелыя бюракратычныя гульні».

Не чакаючы адмашкі, Сяргей Доўгушаў уласнымі сіламі распачаў беларуска-польскі культурны абмен: з суседняй краіны прывозіць у Менск гурты, у адказ заплянаваны канцэрт Vuraj і двухбаковы «Сьпеўны сход» па творах кампазытара Станіслава Манюшкі.

Ці засьпявае беларуская нацыя?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG