У Беларусі нельга ніякім чынам пісаць фразы на ангельскай мове, якія перакладаюцца як «клясавая вайна» і «тэрор-машына».
Вячаслава Касінерава аштрафавалі на 1102 рублі 50 капеек (45 базавых велічыняў), Марыну Насенку — на 735 рублёў (30 базавых) за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Касінераў і Насенка пайшлі ў міліцыю аб 11-й гадзіне. А 18-й Касінераў паведаміў, што з пастарунка яго з жонкай адвезьлі ў суд Маскоўскага раёну, які пакараў іх штрафамі. Да таго да іх не маглі дазваніцца сябры, а ў Маскоўскім РУУС, куды яны пайшлі, паведамлялі, што такіх «там няма».
Паводле Касінерава, іх з жонкай аштрафавалі за публікацыю фота, на якіх бачныя шапка і саколка з надпісамі, прызнанымі экстрэмісцкімі. Гэтыя надпісы на ангельскай мове перакладаюцца як «клясавая вайна» і «тэрор-машына».
У Беларусі часта прызнаюць экстрэмісцкімі суполкі і матэрыялы анархістаў (акрамя тых, у гонар якіх названыя вуліцы). Некаторыя фразы і словы забароненыя толькі ў канкрэтным выглядзе (напрыклад, як надпіс на байцы), некаторыя — у абсалютна любым. Сярод забароненых ёсьць надпісы на замежных мовах, у тым ліку па-ўкраінску з мноствам памылак.
Касінерава запрашалі атрымаць позву праз SMS, пагражалі «ўжыць меры да прыводу ў РУУС», калі ён папрасіў перанесьці разьбіральніцтва па справе на іншы дзень.