Гэты тэкст цяпер у афіцыйным сьпісе, які публікуецца на сайце Міністэрства інфармацыі.
Ён лічыцца экстрэмісцкім «незалежна ад носьбіта інфармацыі (сьцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элемэнты адзеньня, прадметы быту і да таго падобнае), а таксама створаны і разьмешчаны ў якасьці прадукцыі для сродкаў масавай інфармацыі (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах, і кадрах), а роўна сама гукавая абалонка тэксту, вымаўленая ў выглядзе словаў, якія могуць суправаджацца дзеяньнямі ці зьявамі, а роўна трансьляцыя вымаўленага тэксту з аўдыёносьбітаў».
Крычалка «Хто ня скача, той м...ль» стала шырока вядомая пасьля Эўрамайдану і Рэвалюцыі годнасьці 2014 году ў Кіеве.
Увесну 2015 году група маладзёнаў выкарыстала крычалку з такім тэкстам падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску. Неўзабаве Рэспубліканская экспэртная камісія прызнала відэа пра гэта экстрэмісцкім і ўключыла яго ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, забароненых для распаўсюджваньня і цытаваньня. Між тым сама крычалка фармальна забароненай не лічылася. Сёлета ў верасьні падчас футбольнага матчу зборных Беларусі і Сан-Марына група беларускіх фанатаў на адным з сэктараў на менскім стадыёне зноў зладзіла скокі пад гэты тэкст.
23 верасьня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў крычалку экстрэмісцкай. За яе будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці. Парушальнікам пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.