Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цень Крамля на супрацы Менску з Кіевам. Лукашэнка і Парашэнка зьбіраюць Форум рэгіёнаў дзьвюх краін


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

25 кастрычніка ў Гомлі стартуе першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Летась яго ініцыявалі кіраўнікі дзяржаў для актывізацыі эканамічнай супрацы.

Калі меркаваць па афіцыйных паведамленьнях, падрыхтоўка да яго была галоўнай тэмай усіх тэлефонных кантактаў Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі на працягу апошняга году.

Чакаецца, што менавіта ў рамках гэтага форуму адбудзецца і першая ў гэтым годзе сустрэча кіраўнікоў дзяржаў. Мінулым разам прэзыдэнты праводзілі перамовы ў Кіеве летась у ліпені. І тыя суправаджаліся некалькімі рэзананснымі адметнасьцямі — перад цырымоніяй падпісаньня дакумэнтаў актывістка Femen Анжаліна Дыяш зладзіла акцыю «Жыве Беларусь!», пазьней кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Віктар Назаранка страціў прытомнасьць.

Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка па выніках той сустрэчы абмежаваліся заявамі, адмовіўшыся адказваць на пытаньні журналістаў. Украінскі бок патлумачыў, што гэта была адмысловая просьба беларускіх калегаў.

Супраца паводле расейскай формулы

Форумы рэгіёнаў — ужо выпрацаваная мадэль супрацы Беларусі і Расеі. Цяпер яна інкарпаруецца і ў беларуска-ўкраінскія дачыненьні.

Раней пад візыты кіраўнікоў дзяржаў арганізоўваліся супольныя бізнэс-форумы. Апошняя такая сустрэча дзелавых колаў праходзіла якраз падчас леташняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў. Але да бізнэсоўцаў прэзыдэнты тады не даехалі — яны скасавалі свой удзел «з прычыны зьмены графіку».

Згодна з папярэдняй інфармацыяй украінскага боку, на форуме будуць прадстаўленыя 13 з 24 абласьцей Украіны і амаль 60 прадпрыемстваў — пераважна тыя, якія і цяпер маюць зь Беларусьсю сталыя кантакты, а на іхных рынках пераважае беларуская прадукцыя. У лідэрах — Чарнігаўская, Кіеўская, Сумская, Чаркаская, Запароская і Мікалаеўская вобласьці.

Адметна, што ў Гомель накіруецца дэлегацыя і Луганскай вобласьці. Сёлета Беларусь менавіта гэтаму рэгіёну перадавала гуманітарную дапамогу. Луганчане прапануюць Беларусі пакавальную прадукцыю і алей.

Падпісаньня чакаюць 20 пагадненьняў

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Генадзь Зубко анансаваў, што ў межах форуму будзе падпісана 20 угодаў — рэгіянальных і міжурадавых:

Генадзь Зубко
Генадзь Зубко

«Мы разьлічваем, што гэты форум забясьпечыць шырокую прэзэнтацыю экспартных магчымасьцяў рэгіёнаў Украіны і разьвіцьця каапэрацыйных сувязяў на міжрэгіянальным узроўні. Нас цікавіць супраца ў галіне вытворчай каапэрацыі, энэргетыкі, транспарту, сельскагаспадарчага машынабудаваньня і будаўніцтва».

Днямі стала вядома, што Беларусь і Ўкраіна ўзгаднілі тэкст пагадненьня аб рэадмісіі, наконт якога не маглі дамовіцца на працягу дзесяцігодзьдзя. Праблему актуалізавалі падзеі на ўсходзе Ўкраіны: жыхары Данецкай і Луганскай абласьцей зьяжджалі ад вайны ў Беларусь, а беларускія грамадзяне — ва Ўкраіну, дапамагаць адстойваць тэрытарыяльную цэласнасьць. Пагадненьне можа закрануць абедзьве гэтыя катэгорыі. Што праўда, у Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны сьцьвярджаюць, што дата падпісаньня дакумэнту пакуль ня вызначаная.

Сяргей Гунько
Сяргей Гунько

«Такое пагадненьне — звычайная міжнародная практыка для краін, якія маюць узаемную міграцыю. Беларускіх добраахвотнікаў гэта не закране. Калі яны маюць кантракт з Узброенымі сіламі, то іхны вайсковы квіток ёсьць падставай для легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Мне невядомы ніводзін выпадак, калі б з Украіны быў дэпартаваны замежнік, які браў удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Сяргей Гунько.

Што замінае сяброўству?

Зьнешне дачыненьні Беларусі і Ўкраіны выглядаюць дынамічнымі, эфэктыўнымі і пэрспэктыўнымі, а прэзыдэнты называюць адзін аднаго сябрамі. У той жа час на парадку дня двухбаковых кантактаў застаюцца пытаньні, якія пэрыядычна псуюць «сяброўскія» стасункі.

Шпіёнскі скандал

Ва Ўкраіне працягваецца судовы працэс над Юрыем Палітыкам, затрыманым летась у чэрвені за шпіянаж. У Беларусі па гэтым жа артыкуле асуджаны ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка, пасьля затрыманьня якога ўкраінскія актывісты патрабавалі ўвесьці санкцыі супраць беларускіх уладаў. Бакі доўгі час вялі перамовы аб іхным абмене, але так і не дамовіліся.

Зьнікненьне Паўла Грыба

Беларусь дагэтуль не патлумачыла Ўкраіне акалічнасьці зьнікненьня на сваёй тэрыторыі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба.

Пасьля гэтага выпадку МЗС Украіны рэкамэндавала ўкраінцам устрымлівацца ад наведваньня Беларусі, судовыя ўлады абавязалі судзьдзяў інфармаваць пра паездкі на беларускую тэрыторыю. Спэцслужбы Ўкраіны распрацавалі адмысловую памятку для ўкраінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу.

Цень вайны на Данбасе

Недавер да беларускіх уладаў ва Ўкраіне абумоўлены пераважна хаўруснымі дачыненьнямі Беларусі і Расеі, зь якой Украіна вядзе вайну. Менавіта таму ва Ўкраіне адкідаюць прапановы Аляксандра Лукашэнкі сфармаваць міратворчую місію на Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG