Народныя франты былі створаныя практычна ва ўсіх рэспубліках СССР. Аднак да сёньня захаваўся толькі Беларускі народны фронт. Прычым нават у двух варыянтах: Партыі БНФ і КХП-БНФ. Мусіць, не выпадкова менавіта ў Беларусі адбыўся найбольшы адкат да савецкага мінулага. Чаму так здарылася?
На дзяржаўным узроўні рыхтуюцца да ўрачыстага адзначэньня 100-годзьдзя камсамолу. Пра 30-годзьдзе БНФ узгадвае толькі нацыянальна заангажаваная публіка, прычым старэйшага ўзросту.
Між тым 19 кастрычніка 1988 году здарылася падзея, якая аказала значны ўплыў на гісторыю Беларусі. Тады, 30 гадоў таму, у памяшканьні тагачаснага Дома кіно (касьцёл Сьвятых Сымона і Алены) быў утвораны аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Гэта быў агульны трэнд у СССР часоў гарбачоўскай перабудовы. Арганізацыі з назвай «Народны фронт» ствараліся паўсюль, ня толькі ў саюзных, але нават у аўтаномных рэспубліках.
Хоць Беларусь была найбольш русыфікаванай і саветызаванай рэспублікай Савецкага Саюзу (на рэфэрэндуме 1991 году 80% беларускага насельніцтва прагаласавалі за захаваньне СССР), тым ня менш БНФ — арганізацыя зь яскрава нацыянальнай ідэалёгіяй і лёзунгамі — хутка стаў масавым рухам. Бо Фронт на той час увасабляў і агульнадэмакратычныя каштоўнасьці, адлюстроўваў антынамэнклятурны пратэст, нязгоду з панаваньнем КПСС, заангажаваў шмат людзей, якія былі абыякавыя да нацыянальнай ідэі. Бо ніякай іншай вядомай арганізацыі, якая б супрацьстаяла кіроўнаму камуністычнаму рэжыму, у Беларусі тады не было.
На хвалі грамадзкага ўздыму падчас выбараў 1990 году БНФ атрымаў хоць невялікую, але вельмі актыўную фракцыю ў Вярхоўным Савеце БССР 12-га скліканьня. Тэлебачаньне, якое трансьлявала паседжаньні Вярхоўнага Савету, стварыла кумулятыўны эфэкт. Яскравыя публічныя палітыкі апазыцыі БНФ на фоне агульнай шэрай, невыразнай масы дэпутатаў-партфункцыянэраў выглядалі вельмі выйгрышна.
Калі б напрыканцы 1991 году, пасьля краху ГКЧП і забароны КПСС, у Беларусі адбыліся выбары, то БНФ лёгка атрымаў бы большасьць галасоў у парлямэнце і стаў кіроўнай партыяй. Думаю, патрабаваньне перавыбараў восеньню таго году павінна было стаць галоўным пунктам парадку дня апазыцыйных дэпутатаў. Аднак яны ўпусьцілі час, апамяталіся толькі ў 1992 годзе, спрабавалі дамагчыся рэфэрэндуму на гэтую тэму, зьбіралі подпісы ў яго падтрымку. За гэты час кіроўная намэнклятура, ачуняўшы ад страху, перайшла ў наступ, узяла рэванш. Аднак усё гэта стала зразумелым толькі постфактум. Тады ж былі спадзяваньні на доўгі народны ўздым, ціск вуліцы, з дапамогай якой апазыцыя нейкі час магла праводзіць празь Вярхоўны Савет амаль любыя рашэньні.
Іншая справа, што нават калі б БНФ і ўзяў уладу, то ці доўга змог бы яе ўтрымаць? У некаторых рэспубліках гэта адбылося, але лёс народных франтоў аказаўся розны. У краінах Балтыі, Украіне гэтыя структуры выканалі сваю гістарычную ролю, здабылі незалежнасьць, ажыцьцявілі важныя рэформы, сталі крыніцай для стварэньня дэмакратычных партый — і зьніклі. У Азэрбайджане, Грузіі нацыянальна арыентаваныя арганізацыі хутка страцілі ўладу ў ходзе маштабных сацыяльных забурэньняў з элемэнтамі грамадзянскай вайны, у выніку чаго там вярнуліся да кіраваньня былыя партыйныя лідэры савецкага часу (Гейдар Аліеў, Эдуард Шэварднадзэ).
Як бы там ні было, у сярэдзіне 1990-х гадоў у Беларусі адбыўся антыперабудовачны рэванш, адкат, вяртаньне да «саўка». Перамога Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, выбары Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, рэфэрэндумы 1995 і 1996 гадоў радыкальна зьмянілі палітычны ляндшафт. БНФ пацярпеў жорсткую паразу. Прычыны гэтых працэсаў відавочныя. Зьяўленьню дзяржаўнай незалежнасьці, дэмакратыі спадарожнічаў востры сацыяльна-эканамічны, сьветапоглядны, псыхалягічны крызіс, рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця. І лягічным наступствам яго стала расчараваньне ў каштоўнасьцях незалежнасьці, дэмакратыі, нацыянальнага адраджэньня. Усё гэта на тле недасфармаваных этнакультурных асноваў нацыі.
Тады шмат пісалі пра памылкі БНФ, пра залішні радыкалізм у нацыянальным пытаньні, у адносінах з Расеяй. Так, памылкі былі. Фронт ня змог на хаду перайсьці ад мэсіянскай функцыі ажыцьцяўленьня нацыянальнага адраджэньня да статусу звычайнай палітычнай партыі, якая змагаецца за падтрымку электарату з дапамогай звычайных палітычных тэхналёгій.
Параза БНФ выявіла, што ў 1990-я гады значнай нішы для партый агульнадэмакратычнага тыпу, якія б вызнавалі эўрапейскія каштоўнасьці, у Беларусі практычна не было. Усю гэтую вызваленую палітычную прастору запаланіў лукашызм.
Аднак трэба зазначыць, што гэты своеасаблівы тэрмідор 1990-х гадоў ня мог быць поўны. Адкат да «саўка» не дасягнуў «нулявога мэрыдыяну», то бок таго ўзроўню, зь якога пачынаўся БНФ у 1988 г. Беларусь захавала ўсе інстытуты паўнавартаснай дзяржавы. Адносна недатыкальнасьці дзяржаўнай незалежнасьці ў Беларусі існуе поўны кансэнсус.
Перамогі і паразы БНФ выявілі вядомую заканамернасьць, што хуткасьць руху эскадры вызначаецца па самым ціхаходным караблі. То бок, па стане беларускага грамадзтва. Некаторыя дасьледчыкі, у прыватнасьці філёзаф Валянцін Акудовіч, лічаць, што ажыцьцявіць праект нацыянальнага адраджэньня ў тым выглядзе, як прапанаваў БНФ на пачатку 1990-х гадоў, не рэальна. Ягонай рэанімацыі можа паспрыяць толькі нейкі «чорны лебедзь», кшталту захопу Крыму. Дзеля гэтага і існуюць дзьве партыі БНФ як помнікі мінулай эпохі. Бо Беларусь — адзіная постсавецкая краіна, дзе гістарычная місія Народнага фронту ня выкананая.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.