Больш за 5 тысяч чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак у Інданэзіі пасьля сьмяротных землятрусаў і цунамі. Да цяперашняга моманту ратавальнікі дасталі з-пад завалаў 1763 целаў загінулых. Пошук тых, хто выжыў працягнецца да 11 кастрычніка, паведамляе Sky News.
Паводле дадзеных тэлеканала, цэлыя раёны, уключаючы некалькі вёсак, былі пахаваныя пад грудамі бруду і абломкаў. Гэта абцяжарвае дакладнае вызначэньне колькасьці загінулых. Чыноўнікі заклікалі з асьцярожнасьцю выкарыстоўваць цяжкую тэхніку на месцы катастрофы з-за сотняў цел, якія раскладаюцца і, па іх словах, могуць зьмяшацца зь вялізнымі масамі бруду і стаць крыніцамі распаўсюджваньня хваробаў.
Як паведамляе Reuters, у выніку стыхіі былі сур’ёзна пашкоджаныя больш за 66 тысяч будынкаў. Мацней за ўсё пацярпелі раёны з больш мяккай глебай.
Каля тыдня таму ў раёне горада Палу на востраве Сулавэсі адбылося некалькі магутных землятрусаў. За імі рушыла ўсьлед цунамі, а потым пачалося вывяржэньне вулькану, які выкінуў слуп попелу вышынёй 4 кілямэтры.
У рамках выратавальнай апэрацыі на Сулавэсі разгорнутыя дадатковыя падразьдзяленьні арміі і паліцыі. Паступаюць паведамленьні пра недахоп прадуктаў харчаваньня, вады, паліва і жыцьцёва неабходных тавараў. Улады краіны гатовыя прымаць міжнародную дапамогу.