У ААЭ вызнаюць іслам, а ў ісламскіх краінах звычайна сабаку не пускаюць у дом, бо шмат якія багасловы лічаць сабаку нячыстай жывёлінай. Палітоляг і татарскі актывіст Руслан Айсін пракамэнтаваў «Свабодзе» кур’ёз Лукашэнкі ў ААЭ.
«Арабы звычайна маюць тыграў, пантэр»
Кадры са шпіцам Умкам апублікавала прэс-служба Лукашэнкі. На відэа асабістая доктарка палітыка Сьвятлана Канашэнка нясе сабаку на руках.
У ісламе сабака лічыцца нячыстай жывёлай, якая можа апаганіць адзеньне, ежу і самога чалавека. Пасьля гэтага любы прававерны абавязаны зрабіць ачышчэньне.
«Яго можна зьмяшчаць толькі ў якасьці аховы па-за домам, — кажа экспэрт Руслан Айсін. — Натуральна, што тыя, хто іх трымае, імкнуцца як мінімум гэтага не дэманстраваць. У арабаў звычка мець кашэчых, напрыклад, тыграў, пантэр.
Я лічу, што Лукашэнка моцна папсаваў уражаньне пратакольнай службе і самому прымаючаму боку, таму што гэта можа быць успрынята як абраза. Калі б да Лукашэнкі прыехалі, то ён мог бы быць з сабакам, бо гаспадар, а не наадварот».
Гэта ня першы раз, калі асабістай доктарцы Сьвятлане Канашэнцы палітык давярае свайго сабаку на афіцыйных сустрэчах у іншых краінах. Таксама як і ня першая замежная вандроўка для Умкі.
Напрыклад, Лукашэнка браў з сабой сабаку ў 2024 годзе ў камандзіроўку ў Расею, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным на Вааламе, у Зымбабве ў 2023 годзе — калі прыяжджаў да прэзыдэнта гэтай краіны Эмэрсана Мнангагвы, ва Ўзбэкістан у 2022 годзе, дзе праходзіў саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Упершыню шпіц зьявіўся з Лукашэнкам 25 красавіка 2020-га. Палітык тады быў у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці на суботніку, саджаў дрэвы.
Усеагульную ўвагу шпіц прыцягнуў пасьля інтэрвію Лукашэнкі з расейскай журналісткай Наілёй Аскер-задэ ў 2021 годзе, калі сабаку дазволілі ляжаць на стале побач зь ежай. У 2022 годзе гэта паўтарылася, сабака сядзеў на стале амаль на ежы падчас візыту Лукашэнкі ў Александрыю.
Форум