Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З Акрэсьціна на вакзал, пераапранулася ў прыбіральні — і ў Літву», — былая палітзьняволеная Ася Булыбенка ў праекце «Скрадзеная маладосьць»


Ася Булыбенка
Ася Булыбенка

«Калі пекла існуе, то гэта жыцьцё на Акрэсьціна», — Ася Булыбенка, фігурантка «справы студэнтаў», у фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць», расказвае, як адседзела 30 сутак пасьля 2,5 года ў турме і пасьля гэтага зьехала жыць у Літву.

Асі Булыбенцы 23 гады. Яна вучылася ў Беларускім нацыянальным унівэрсытэце на машынабудаўнічым факультэце. 12 лістапада 2020-га яе затрымалі па «справе студэнтаў». Асі прысудзілі два з паловай гады турмы. Яна цалкам адбыла тэрмін і вызвалілася 30 лістапада 2022 году.

«Пасьля вызваленьня я не адчувала сябе вольнай. Калі сабраць усё па крупіцах, па адчуваньнях, Беларусь — гэта вялікая турма», — кажа Ася.

На выезд зь Беларусі ў Асі стаяла забарона. Яна пачала пісаць скаргі ў розныя інстанцыі, каб зьняць забарону. Калі справа дайшла да суду, забарону зь яе зьнялі, але ў той жа дзень Асю зноў затрымалі, нібыта за хуліганства.

«Калі ў 2020-м яны пішуць, што ты ўдзельнічаў у пратэстах, то ў 2023-м яны маглі проста затрымаць цябе на вуліцы і напісаць, што ты хуліганка, якая мацярылася каля РУУС, хоць ты наогул там не была», — кажа Ася.

Яе пасадзілі на 15 сутак і потым дадалі яшчэ 15 сутак. Увесь гэты час яна правяла на Акрэсьціна.

«Калі пекла існуе, то гэта жыцьцё на Акрэсьціна», — узгадвае дзяўчына суткі.

Выяжджала Ася ў траўні 2023-га, адразу пасьля вызваленьня з Акрэсьціна. Села ў таксоўку, паехала на вакзал, пераапранулася ў прыбіральні.

«Села ў аўтобус і паехала ў Літву. Я была перакананая, што не даеду. Усю дарогу я ела, спрабавала наесьціся. Я думала, што мяне затрымаюць», — кажа Ася.

Але ў выніку перасекчы мяжу ўдалося. Цяпер яна жыве ў Вільні, працуе ў Беларускай асацыяцыі журналістаў і ў праекце «Вольныя паштоўкі».

Ася Булыбенка — фігурантка справы студэнтаў. Цалкам яе гісторыю глядзіце ў фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць».

Дакумэнтальны праект Свабоды «Скрадзеная маладосьць: справа студэнтаў» — гэта шэсьць гісторый студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы, якія правялі больш за два гады ў турме за тое, што далучыліся да пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Ася Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Ільля Трахтэнбэрг, Вольга Філатчанкава расказваюць свае гісторыі ад затрыманьня да эвакуацыі і жыцьця на эміграцыі.

Які сьлед пакідае турма на маладосьці, аб чым шкадуюць і аб чым не, як надалужыць скрадзеныя гады — у праекце Свабоды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG