Шмат на каго зрабілі ўражаньне лічбы апытаньня наконт таго, як беларусы чытаюць кнігі. Высьветлілася, што ня надта. Паводле вынікаў апытаньня, якое правёў Інстытут сацыялёгіі НАН у 2016 годзе, прыкладна палова беларусаў не чытае кніг наагул.
Гэта шмат ці не? З усім сьветам параўнаць можа і складана, але з суседзямі — блізкімі і далёкімі — магчыма.
Паводле апытаньня, якое правёў украінскі дасьледны цэнтар Research&Branding Group, у 2017 годзе хаця б адну кнігу за папярэдні год прачыталі 43% украінцаў. Апытаньне праводзілася па ўсёй краіне, за выключэньнем непадкантрольных Кіеву тэрыторыяў Данбасу і Крыму. У апытаньні, якое правёў той жа цэнтар ў 2012 годзе, рэспандэнтаў, якія прачыталі за папярэдні год хаця б адну кнігу, было 49%.
Яшчэ менш чытаюць палякі, як паказала дасьледаваньне, вынікі якога сёлета абнародавала Польская нацыянальная бібліятэка. Толькі 37% палякаў прачыталі хаця б адну кнігу за год, які папярэднічаў правядзеньню дасьледаваньня. Пры гэтым колькасьць чытачоў істотна зьменшылася за дзесяцігодзьдзе — у 2004-2008 годзе тых, хто прычытаў хоць адну кнігу за мінулы год, было больш за палову — 55%.
Больш раньняе апытаньне, праведзенае ў Італіі, паказала, што ў 2014 годзе 41% жыхароў краіны ўзялі ў рукі кнігу хоць раз. За 4 гады да таго, у 2010 годзе, гэтая доля складала 47%.
У расейскім апытаньні, якое правёў у 2012 годзе Фонд «Общественное мнение», 55% апытаных паведамілі, што за мінулы год прачыталі прынамсі адну кнігу. За 10 гадоў да таго колькасьць чытачоў складала ў Расеі 68%.
Нарэшце, апытаньне 2016 году ў ЗША дасьледнага цэнтру Pew паказала, што за апошні год 73% амэрыканцаў прачыталі хаця б адну кнігу.
Эўрапейскі цэнтар Эўрабаромэтар у 2013 годзе апублікаваў дадзеныя па 27 краінам ЭЗ аб тым, як эўрапейцы чытаюць кнігі (гл. стар. 12).
Згодна з гэтым апытаньнем, праведзеным у 2013 годзе, у сярэднім па ЭЗ 68% жыхароў прачыталі за мінулы год хаця б адну кнігу. Гэты паказчык у дасьледаваньні вельмі моцна вар'яваўся ад краіны да краіны: ад швэдаў (90%) і датчанаў (82%) да італьянцаў і палякаў (па 56%), румынаў (51%), грэкаў (50%) і партугальцаў (40% ). Паказчыкі чытаньня кніг апошнімі трыма нацыямі цалкам супастаўныя з паказчыкамі беларусаў ў 2016 годзе.
Звяртае на сябе ўвагу, што прыведзеныя вышэй дадзеныя па Італіі і Польшчы апытаньняў 2014 і 2017 года адрозьніваюцца ад дадзеных агульнаэўрапейскага апытаньня Эўрабаромэтру. Нацыянальныя апытаньні давалі значна больш сьціплыя вынікі чытаньня кніг, чым апытаньне Эўрабаромэтру.
Краіна |
Доля тых, хто чытае кнігі, у %* |
Год дасьледаваньня |
Дасьледны цэнтар |
Беларусь |
49 |
2016 |
Інстытут сацыялёгіі НАН РБ |
ЗША |
73 |
2016 |
Pew |
ЭЗ |
68 |
2013 |
Eurobarometer |
Расея |
55 |
2012 |
ФОМ |
Украіна |
43 |
2017 |
Research&Branding Group |
Італія |
41 |
2014 |
Istat |
Польшча |
37 |
2017 |
Нацыянальная бібліятэка РП |
*ва ўсіх краінах, акрамя Беларусі, прыводзяцца дадзеныя па долі апытаных, якія прачыталі за папярэдні год хаця б адну кнігу
З прыведзеных дадзеных вынікае, што няма наўпроставай сувязі паміж узроўнем дабрабыту краінаў і іх палітычным ладам і чытаньнем кніг. У ЗША, дзе ёсьць і дабрабыт, і дэмакратыя, чытаюць кнігі многія, у Польшчы, таксама свабоднай і заможнай краіне — амаль удвая менш, менш, чым, скажам, у Беларусі ці Расеі.
Справа, напэўна, найперш у культурных асаблівасьцях краінаў.
У пераважнай большасьці краінаў, дадзеныя пра якія прыведзеныя вышэй, колькасьць чытачоў кніг істотна зьнізілася за апошнія гады. Украінскія адмыслоўцы кажуць, што адной з прычынаў зьмяншэньня чытацкай аўдыторыі зьяўляюцца новыя правілы імпарту кніг з Расеі, частка тых, хто раней чытаў расейскія кнігі, зараз не чытаюць ніякіх.
Аднак гэты чыньнік значна слабейшы, чым унівэрсальны, які тычыцца ўсіх, усяго сьвету, імя якому — інтэрнэт. Варта адзначыць, што ва ўсіх прыгаданых дасьледаваньнях задавалася пытаньне пра чытаньне кніг на любых носьбітах — і ў паперы, і на электронных носьбітах.
Зразумела, з прыходам інтэрнэту людзі сталі больш чытаць кніг на электронных носьбітах. Напрыклад, у ЗША доля тых, хто чытае кнігі ў электронных рыдэрах, павялічылася з 17% да да 28%. Але ў цэлым інтэрнэт зьмяншае аўдыторыю, якая чытае кнігі. Людзі чытаюць навіны, «глянец», «сэрфінгуюць» па сацыяльных сетках — а дзе месца для кніг?
Сувязь тут, зразумела, не наўпроставая. Напрыклад, у Беларусі доступ да інтэрнэту мае большая частка насельніцтва, чым ва Ўкраіне, прыкладна такая ж, як у Расеі, і меншая, чым у Польшчы. А чытаюць кнігі ў Беларусі менш, чым у Расеі, але больш, чым ва Ўкраіне і Польшчы. Ва ўсіх краінах, па якіх маюцца дадзеныя, назіраецца натуральная сувязь — адукаваныя грамадзяне і гараджане чытаюць кнігі часьцей і больш, чым асобы з нізкай адукацыяй і вяскоўцы.
Але менавіта гэтыя «прасунутыя» групы насельніцтва і самыя інтэрнэтызаваныя. Можна меркаваць, што інтэрнэт зьніжае схільнасьць да чытаньня найперш у гэтых «прасунутых» групах — яны ўсё роўна чытаюць кніг больш, чым астатнія, але за іх кошт адбываецца агульнае зьніжэньне колькасьці чытачоў.
Гледзячы на табліцу, якая прыводзіцца вышэй, можна прыйсьці да высновы, што беларуская схільнасьць (ці нясхільнасьць) да чытаньня кніг — ня нейкая ўнікальная ў рэгіёне і сьвеце. Нават у рэгіёне гэта ня так: некаторыя суседзі чытаюць больш, іншыя — менш.
А вось у чым напэўна палягае ўнікальнасьць, дык гэта ў выбары чытаньня. Паводле дасьледаваньня Інстытуту сацыялёгіі НАН РБ чытаюць кнігі 49%, пры гэтым беларускую літаратуру чытаюць толькі 12%. Простыя падлікі паказваюць, што прынамсі 37% чытаюць толькі іншую літаратуру. Пры гэтым пытаньне ня ў мове — рэспандэнты аднесьлі да беларускай літаратуры кнігі Сьвятланы Алексіевіч і Натальлі Батраковай, напісаныя па-расейску, гэтыя дзьве пісьменьніцы трапілі ў ТОП-5 самых чытаных беларускіх аўтараў.
Зь іншага боку, з апытаньня не вынікае, што 37% чытачоў чытаюць менавіта расейскую літаратуру, гэта можа быць і нямецкая, ангельская, амэрыканская літаратура. Але хутчэй за ўсё — у расейскіх перакладах.
У любым выпадку трохкратная перавага ў чытаньні замежнай літаратуры перад сваёй уражвае. Мала ў якіх краінах можна назіраць такі фэномэн.
Напэўна, зьмена дзяржаўнай палітыкі ў сфэрах адукацыі, кнігавыдаведства, у інфармацыйнай палітыкі, магла б зьмяніць сытуацыю, але пытаньне, наколькі істотна і хутка. Тым больш што выбар кнігі, мастацкай літаратуры — справа больш індывідуалізаваная, чым выбар СМІ. Набор даступных СМІ абмежаваны, патрэба ў інфармацыі ў людзей так ці інакш ёсьць, СМІ накідаюць людзям сваю прысутнасьць. А кніга — не. Кнігу можна і не чытаць. Ці чытаць тую, а ня гэтую.
Так выглядае, што хутчэй у сфэры СМІ можна дасягнуць калі не парытэту, дык хаця б памяркоўнага разрыву з расейскім інфармацыйным уплывам. Што тычыцца літаратуры, то тут трохкратны разрыў пераадолець вельмі складана, для гэтага патрабуецца ня толькі зьмена дзяржаўнай палітыкі, але і вялікія духоўныя высілкі, зьмена сьветапогляду ўсяго грамадзтва.
Невядома, ці дачакаецца гэтага часу беларуская літаратура, і ці не адбудзецца раней перамога інтэрнэту і сацыяльных сетак над літаратурай як такой. Тэндэнцыя навідавоку і яна, як было паказана вышэй, усясьветная. Але можа хоць не на нашым вяку скончыцца эпоха Гутэнбэрга.
Перадрук з парталу TUT.BY
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.