Раніцай 1 кастрычніка на будынку па вуліцы Леніна ў Берасьці зьявіўся стрыт-арт з «новай „Мужыцкай праўдай“» — фота відавочцаў публікавала «Хартыя-97». Ды, як піша «Брестская газета», раніцай 2 кастрычніка ад стрыт-арту нічога не засталося.
Месца, дзе была выява Кастуся Каліноўскага, зафарбавалі сіняй фарбай (хоць уся сьцяна жоўтая), а налеплены тэкст проста сарвалі, пакінуўшы сьляды клею.
Тэкст на плякаце нагадвае стылем «Мужыцкую праўду» — першую беларускамоўную газэту, якую нелегальна выдавалі і распаўсюджвалі на Горадзеншчыне ў 1862–1863 гадах Кастусь Каліноўскі, Фэлікс Ражанскі, Валеры Ўрублеўскі і Станіслаў Сонгін. Сем нумароў «Мужыцкай праўды» заклікалі людзей да змаганьня за зямлю і волю, друкаваліся па-беларуску на лацінцы.
Цяперашні тэкст быў напісаны кірыліцай, але ад імя таго самага «Яські-гаспадара з-пад Вільні» — так падпісваўся Каліноўскі.
Дзецюкі!
Ізноў зьвяртаюся я да вас. Грудзі стогнуць, баліць сэрца, бачучы, як дваццаць пяць год марнуецца тое, што дасталося табе, Народзе, так лёгка. Тое, за што паміралі мы са зброяй у рукох і на шыбеніцах маскоўскіх – Свабода і Незалежнасьць.
Памыліўся ты, Народзе, абраў сабе ў ронд хлуса і здрадніка. Ён адно людзей абманывае, а перад пернікам маскоўскім гнецца, як астатні валацуга. Свабоду ён задушыў, мову нашую зьняважыў, а сымбалі нашыя спрадвечныя на д’ябальскія зьмяніў. Па лустачцы аддае Незалежнасьць нашую ўладыру маскоўскаму.
Браты мае, мужыкі родныя, ганіце хлуса і халуёў яго агнём зь зямелькі роднай! Народзе, а як толька пачуеш ты, што з усходу лезе арда маскоўская, не хавайся і не бяжы, але ўхапіўшы за што зможаш, цэлай грамадой ідзі змагацца за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную!
Бо я з таго сьвету для дабра твайго пішу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою ні тырана хлусьлівага, ні маскаля ўжо ня будзе.
Яська-гаспадар з-пад Вільні.