Указ аб гэтым падпісаў Лукашэнка. Іншыя дэталі ўказу не раскрываюцца, тэкст не публікаваўся.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб зьменах у ранейшы ўказ «Аб правядзеньні ў 2019 годзе перапісу насельніцтва», піша БелТА.
Паводле цяперашніх зьменаў, рэспандэнты змогуць самастойна запоўніць перапісныя лісты праз інтэрнэт. Сам указ пакуль не апубілкаваны.
Пакуль невядома, як будзе пацьвярджацца асоба чалавека, які запаўняе перапісны ліст праз інтэрнэт (напрыклад, ці можна будзе пацьвердзіць асобу праз SMS, як тое прапануюць зрабіць для камэнтароў у інтэрнэце), а таксама ці будуць перапісьнікі ведаць, што можна не прыходзіць да чалавека, які запоўніў перапісны ліст праз інтэрнэт.
***
Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі краіна ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі. Пасьля ўключэньня Ўсходняй Беларусі ў склад СССР перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах. У Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны пэрыяд уваходзіла ў склад Польшчы, перапісы былі ў 1921 і 1931 гадах. Перапіс 1937 году быў засакрэчаны. З 1959 году перапісы насельніцтва ў Беларусі праводзяцца што дзесяць гадоў. Апошні перапіс ладзілі з 14 па 24 кастрычніка 2009 году.
Наступны перапіс мяркуецца правесьці 4–30 кастрычніка 2019 году. Улады абяцаюць, што перапіс будзе весьціся на пляншэтных кампутарах. Праз гэта на запаўненьне перапіснога аркуша спатрэбіцца ўсяго 5 хвілінаў, а колькасьць перапісьнікаў скароціцца ў 4,4 раза ў параўнаньні зь перапісам-2009 – цяпер іх мае быць усяго 10 тысячаў, сьцьвярджаюць арганізатары перапісу.
Беларусь атрымае ад Усясьветнага банку грант у памеры 1,9 млн даляраў на правядзеньне перапісу.
Канчатковая форма перапіснога аркуша не зацьверджаная, але пасьля «тэставага» перапісу ў Маладэчне зьявіліся пытаньні аб фармулёўках пытаньняў пра мову, нацыянальнасьць і рэлігію.