Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк прафінансуе перапіс насельніцтва Беларусі 2019 году


Перапісьнікам спатрэбіцца 2 тысячы пляншэтаў. Канчатковага рашэньня, як будуць сфармуляваныя ў перапісным лісьце пытаньні мовы і нацыянальнасьці, пакуль няма.

Беларусь атрымае ад Усясьветнага банку каля 2 мільёнаў даляраў на правядзеньне перапісу, паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Іна Мядзьведзева.

Пагадненьне аб міжнароднай дапамозе знаходзіцца ў стадыі падпісаньня, сказала яна:

«Фактычна ўсе пытаньні абмеркаваныя, і Ўсясьветны банк выдае нам грант у памеры 1,9 мільёна даляраў».

Колькі наагул будзе каштаваць перапіс, Мядзьведзева дакладна ня ведае.

«Рэч у тым, што цяпер яшчэ вядуцца перамовы са спонсарамі аб набыцьці дзьвюх тысячаў пляншэтаў, і залежна ад вынікаў гэтых і іншых перамоваў можна будзе назваць канчатковую лічбу. Нам так шмат пляншэтаў не патрэбна, і таму пасьля заканчэньня перапісу значную частку іх мы перадамо ў міністэрствы аховы здароўя і адукацыі».

Паводле кіраўніцы Белстату, пробны перапіс насельніцтва ў Маладэчанскім раёне паказаў, што траціна апытаных гатовыя ўдзельнічаць у інтэрнэт-перапісе.

Гэта дазволіць значна зьменшыць колькасьць людзей, занятых у правядзеньні перапісу. Калі ў мінулым перапісе працавалі 46 тысяч чалавек, то гэтым разам іх будзе ня болей за 10 тысяч, мяркуе Белстат.

На запаўненьне перапіснога ліста патрэбна 5 хвілін

Ілюстрацыйнае фота. Падчас перапісу насельніцтва ў 2009 годзе
Ілюстрацыйнае фота. Падчас перапісу насельніцтва ў 2009 годзе

​Пробны перапіс у Маладзечанскім раёне паказаў, што цяпер на запаўненьне перапіснога ліста ідзе 5 хвілін. У мінулым перапісе 2009 году запаўненьне займала ад 15 да 20 хвілін. Скарачэньне працэдуры зьвязана з тым, што перапіс будуць весьці на пляншэтах, і частка адказаў на пытаньні ўжо будзе запоўненая.

Адметнасьць новага апытаньня — тое, што ў ім пашыраны блёк пытаньняў пра міграцыю.

«Мы будзем даведвацца, хочуць ці не хочуць людзі зьяжджаць зь Беларусі, а таксама што падштурхнула іх працаваць за межамі Беларусі», — сказала Іна Мядзьведзева.

«Сёлета таксама будуць задавацца пытаньні аб сельскагаспадарчым падворку, то бок будзе запісвацца колькасьць ягадных кустоў, пладовых дрэваў і гэтак далей. Але гэта, — сказала кіраўніца Белстату, — выключна для статыстыкі, а не дзеля падаткаў. Гэтая інфармацыя канфідэнцыйная, яна будзе захоўвацца толькі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Рэч у тым, што мы дагэтуль ня ведаем, колькі людзі вырошчваюць ягад і пладоў на лецішчах, асабістым падворку ці ўчастках у межах гораду».

Перапіс адбудзецца ў кастрычніку 2019 году. Папярэднія дадзеныя зьявяцца месяцы праз тры, а на апрацоўку ўсіх дадзеных пойдзе паўтара года. Дзякуючы электронным носьбітам гэтым разам часу спатрэбіцца значна меней, чым пры мінулым перапісе.

Як будуць сфармуляваныя пытаньні пра мову, нацыянальнасьць, рэлігію

Ілюстрацыйнае фота. Перапісны ліст 2009 году
Ілюстрацыйнае фота. Перапісны ліст 2009 году

Пытаньні, якім чынам будуць адлюстраваныя ў перапісным лісьце мова, нацыянальнасьць і рэлігія, Іна Мядзьведзева гэтым разам не закранала.

Форма перапіснога ліста пакуль не зацьверджаная, канчатковых фармуляваньняў пакуль няма, яны мусяць быць зацьверджаныя да кастрычніка 2018 году.

Летась у кастрычніку прайшоў пробны перапіс насельніцтва ў Маладэчанскім раёне. Апытвалі жыхароў аднаго мікрараёну гораду і некалькіх вёсак. Узор перапіснога ліста, які выкарыстоўвалі ў Маладэчанскім раёне, зьмешчаны на сайце Белстату.

Што да нацыянальнай прыналежнасьці, пытаньне было сфармулявана такім чынам: «Да якой нацыянальнасьці вы сябе адносіце?» Прапанаваныя варыянты адказу: беларус, рускі, паляк, украінец, не паведаміў, іншыя адказы.

Пытаньні пра веравызнаньне, стаўленьне да рэлігіі ня будуць уключаныя ў праграму перапісу 2019 году, сказалі Свабодзе ў Белстаце.

«Згодна з рэкамэндацыямі Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў, пытаньні пра рэлігію і веравызнаньне ня ёсьць асноўнымі, яны адносяцца да катэгорыі дадатковых», — сказала раней прэс-сакратар Белстату Тацяна Лапкоўская.

Моўныя пытаньні: з рэкамэндаваных чатырох выбралі два

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​У перапісным лісьце, які запаўнялі падчас пробнага перапісу ў Маладэчне, было два пытаньні, якія тычыліся мовы:

  • Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?
  • На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?

І прапанаваныя 5 варыянтаў адказаў: беларуская, руская, польская, украінская, іншая.

Чаму былі выбраныя гэтыя два пытаньні, Свабодзе тлумачыла прэс-сакратарка Белстату Тацяна Лапкоўская.

Яна спасылаецца на матэрыялы «Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў». У дакумэнце ёсьць разьдзел 12 — «Этнакультурныя характарыстыкі». Прапануюцца чатыры канцэпцыі. Кожная краіна можа выбіраць альбо ўсе чатыры, альбо дзьве.

  • А — родная мова, якая вызначаецца як першая мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве.
  • В — асноўная мова, якая вызначаецца як мова, якой асоба валодае лепш за ўсё.
  • С — звычайна ўжываная мова, якая вызначаецца як найчасьцей ужываная дома, на працы
  • D — веданьне мовы (моваў), што вызначаецца як уменьне размаўляць, пісаць на адной або некалькіх мовах.

Беларусь выбрала дзьве пазыцыі — А і С. Такія ж самыя фармулёўкі моўных пытаньняў былі і на перапісе 2009 году.

Гісторыя перапісаў у Беларусі

​Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі краіна ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі.

Пасьля ўключэньня Ўсходняй Беларусі ў склад СССР перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах. У Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны пэрыяд ўваходзіла ў склад Польшчы, перапісы былі ў 1921 і 1931 гадах. Засакрэчаны перапіс 1937-га

З 1959 году перапісы насельніцтва ў Беларусі праводзяцца што дзесяць гадоў.

Апошні перапіс праводзіўся з 14 па 24 кастрычніка 2009 году. Паводле гэтага перапісу, у Беларусі жылі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. Беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG